Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 219
К Акула
Але непераможны й заўсёды прысутны iнстынкт самазахаваньня вечна шэпча й падказвае iншае, заўсёды намагаецца ратаваць, абнадзейваць, цягнуць з прадоньня. Ён - падсьведамы й, здавалася-б, неазначаны, але заўсёды прысутны i ў момант фiзычнага цi духовага крызiсу сьпяшае людзкой iстоце на хуткi ратунак. Паколькi фiзычнае iснаваньне чалавека бязвыхаднае, ён цягне пачуцьцёва-разумовую людзкую iстоту цераз адзiн парог часовага ратунку, пераносiць яе ў зусiм iншы сьвет - туды, дзе сам чалавек зьяўляецца поўным i абсалютным валадаром быту й нябыту - у сьвет мараў i лятуценьняў. Кожны чалавек, няхай будзе ён найбольшы скэптык, самы заядлы пэсымiст i нявера, мае гэткi сьвет - менш або больш абмежаваны. Туды ён у найбольш цяжкiя й крытычныя хвiлiны ўцякае ад назойлiвай сапраўднасьцi, там валадарыць i як магутна крылаты арол бушуе па неабсяжных прасторах летуценьняў. Шматочкi парваных i разьбiтых надзеяў саўюцца ў тонкую пражу нейкай суцэльнасьцi, з руiнаў разбуранага й разьвеянага духовага самабыту пачнуць вышукоўвацца рэшткi, макулiнкi веры ў лепшае й сьвятлейшае. Паўстануць падпоры й масты, празь якiя зьняможаны духовы арганiзм пачне памалу, вобмацкам крочыць праз безданi да будучынi. Адно нявера можа затрымацца над непраходным прадоньнем, а ў веруючага народзiцца надзея, аснованая на вечнай, адзiнай i незаменнай боскай справядлiвасьцi. Нефартунны духовы мучанiк даверыць сябе ў рукi апекi й ласкi Найвышэйшага i Ўсемагутнага. У гэты час духовага ўпадку й фiзычнага крызiсу ён пачне мацнець любоўю да Адзiнаправiльнага Валадара. Iнстынкт самазахаваньня, узброiўшы гэткiм чынам прагнучага дапамогi, прынясе яму найбольшую ўслугу якраз тым, што ў першапачатковай стадыi свайго дзеяньня зьяўляецца штуршком, пабуджальнiкам успамагальных сiлаў духовае натуры, мабiлiзатарам крынiцаў супрацьдзеяньня й абароны перад цяжкой рэальнасьцю.
II
У нармальных мiрных умовах дзяцiнства, пакуль чалавек не стане на собскiя ногi, навет падбiраючыся, а то й пераскочыўшы жыцьцёвую дваццатку, ён рэдка мае змогу з аб'ектыўнасьцю заглянуць жыцьцёвай рэчаiснасьцi ў вочы. Абапiрае свае мяркаваньнi й крокi на слаба абгрунтаваных, а то й фальшывых поглядах, бачачы твар жыцьця праз сваю, асаблiвую адно для яго, прызму. Адсюль такiя шматлiкiя ў юнацкiм веку памылкi, рашчараваньнi цi iншыя няшчасьцi.
Сымон Спарыш мала меў часу, каб дасьпяваць у нармальных спакойных абставiнах ды паўтараць тыя памылкi, што рабiлi раней i будуць прадаўжаць рабiць пазьней юнакi ранейшых i будучых пакаленьняў.
Сусьветны катаклiзм кiнуў яго ў лiку iншых сяброў на скрыжаваньнi пякельных дарог, туды, дзе разьюшаная сiла й гвалт. Там ня мелi вагi анi пачуцьцё, нi розум. Сiла была правам, а права - сiлаю. Магутны цыклён-гiгант душыў i цёр на мязгу ўсё падатнае й слабое, арганiчна хворае, фiзычна нятрывалае й крохкае. Трывала й буйнела адно моцнае й непахiснае.