Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 218

К Акула

ВЭГЭТАЦЫЯ

I

Найцяжэйшым i найбольш страшным момантам, што пабуджае глыбокiя духовыя перажываньнi для трапiўшага першы раз у жыцьцi за краты вязьня, ёсьць першая хвiлiна сьведамасьцi пасьля абуджэньня з начнога сну. Яна больш жахлiвая за той момант, калi чалавек перакрочыць першы раз парог турмы. У вязьнiцу чалавек уваходзiць усё-ж падрыхтаваным да гэтага; ён пагаджаецца, што ў сiлу нейкiх нямiнучых абставiн сустрэне за гэтым парогам няволю, зьдзекi й цемру. Адмоўна зарэагуе ён на абставiны, новае навакольле за цяжкiмi ржавымi жалезнымi дзьвярыма, можа, зь перапалоху зробiць iнстынктыўны крок назад адно таму, што ўяўленьне раней не змагло адлюстраваць у сьведамасьцi ўсiх нечаканасьцяў, якiя яму цяпер наканавана перажыць. Адно - ён ня можа дакараць сябе за тое, што ня ведаў, куды яго вядуць. Тым часам, будзячыся рана пасьля першай ночы ў вязьнiцы, адкрыўшы вочы, не адвыкшы яшчэ ад вольнага жыцьця й хатнiх абставiнаў, у гэную першую хвiлiну соннай паўсьведамасьцi пачне чалавек вадзiць зрокам па шэрых турэмных сьценах i столi i зь вялiкай натугаю старацца ўгадаць, дзе знаходзiцца. Першыя пасьля сну промнi сьведамасьцi пастараюцца паклiкаць на помач памяць, каб разьвязаць загадку. Паволi падымецца галава; вочы ськiруюцца на адзiны сноп сьвятла, што падае знадворку ў камэру праз густыя краты маленькага ваконца; розум пачне адрознiваць людзей, рэчы, навакольле, i ажно тады прыйдзе страшнае разуменьне, што чалавек знаходзiцца ў вязьнiцы.

Iнстынкт самазахаваньня падкажа розуму, што гэта цi ня ёсьць адно непрыемная зьява, мiраж; недавер у момант авалодае галавою. На момант заплюшчацца вочы й зьявiцца борзда народжаная надзея, што няпрыемная зьява, пэўна-ж, зьнiкне, што гэта, мабыць, толькi благi, кашмарны сон. Паволi й нясьмела зноў пачнуць адкрывацца вочы, а зьява ўсё-ж не аддалiцца. Наадварот ворганы чуцьця пачнуць з упэўненасьцю дэманстраваць, што першая зьява была канкрэтнай i цалкам рэальнай; ценi вязьняў пачнуць рухацца й гаварыць; моцныя жалезныя краты ў цеснай адтулiне ўсё яшчэ тырчаць, разрэджаныя хмарным снапом сьвятла; з-за цяжкiх турэмных дзвярэй прылятуць гукi мерных крокаў турэмнага вартаўнiка, лязгат турэмных ключоў - усе самыя розныя гукi й водгулле раньняй вязьнiчнай беспрасьветнай будзёншчыны. Разбуджаны навiчок, канчаткова ўпэўнiўшыся, што ён знаходзiцца ў катушку, будзе сядзець нейкi час нярухома, рукою падпёршы падбародак; пазяхаючы ды ўздыхаючы, пачне шкадаваць, чаму салодкi сон забыцьця ня трываў далей, чаму на зьмену прыйшоў бязьлiтасны кашмар сапраўднасьцi. У гэны момант як нельга лепш ацэнiць ён волю й нiколi ўжо ня зможа забыцца, якую вартасьць мае сон, забыцьцё, нябыт, летуценьнi. Калi мае крылатае ўяўленьне, дык пры дапамозе яго, магчыма, зробiць выснаў, што найлепш змог-бы адсядзець у вязьнiцы, калi-б увесь час мог спаць або знаходзiцца ў забыцьцi. Яшчэ ўчора, ведзены ў вязьнiцу, уяўляў, пэўна-ж, гэту няцiкавую сапраўднасьць, фiзычную нядолю. Адылi й цяпер ужо, пасьля першага пачуцьцёвага ўструсу, здолеў пагадзiцца, што хаця-нехаця, а мусiць зжыцца з абставiнамi, што гэтыя абставiны iснуюць i iснаваць будуць ад яго зусiм незалежна. Ён ужо дасьць гэтым абставiнам правы грамадзянства дзесьцi ў малой каморачцы свайго пачуцьця й розуму. Зразумее, што й сам цяпер зьяўляецца арганiчнай, шэрай, бястварай часьцiнай гэтых абставiнаў, што мусiць падрыхтавацца фiзычна й духова, прытарнавацца найвыгадней i найлепш, каб перажыць з найменшай для сябе стратай той быт-нябыт.