Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 215

К Акула

- На працягу гiсторыi, - палез Пшэўлоцкi ў мiнулае, - Польшча пацярпела тры распадзелы. Здарылася яно так таму, што мы ня былi пiльнымi. Першы распадзел быў у 1772 годзе, другi за дваццаць гадоў i яшчэ за пару гадоў апошнi. Нашы непрыяцелi пачацьвярцiлi Польшчу на тры няроўныя палавiны. З захаду, - тут генэрал намаляваў у паветры нейкую крывулю, быццам дэманструючы дзе, - немцы забралi Памор'е й Пазнаншчыну, з паўдня другi кавалак узялi аўстрыякi, а з усходу мы таксама ўзялi кавалак... цьфу! - запозна спасьцярогся генэрал. - Я хацеў сказаць, што з усходу росыяне забралi кавалак.

Тое неспадзяванае "мы", замiж расейцы, зьбiла генэрала з панталыку, i ён пачырванеў. Шмат хто з прысутных, ня тоячыся, зарагатаў. Ня ведама, што больш сьмяшыла: цi тое, што Польшчу "пачацьвярцiлi на тры няроўныя палавiны", ш тое, што пузаценькi афiцэр прыдзялiў сябе да расейцаў, распадзельнiкаў Польшчы.

Акрамя "пряжак", Пшэўлоцкi зьвяртаў цi не найбольшую ўвагу на салютаваньне. У базе сёмай дывiзii прыгадвалi iншае здарэньне, што магло адпавядаць праўдзе.

Пры армii была дапаможная жаночая служба, афiцыяльна ведамая як "Помоцнiча Служба Кобеца" (у скарочаньнi ПСК - пээска). Ад гэтых скаротаў усiх жанчын пры войску ахрысьцiлi "пэсткамi". Пару сотняў было iх у Сан-Базыльё.

I вось, апавядаюць, выяжджае Пшэўлоцкi джыпам з абозу на шашу. Сьпераду шафёр, а ззаду, развалiўшыся на сядзеньнi, выставiўшы кругленькi жывоцiк, сам генэрал. Сьпераду джыпа, на самым цэнтральным месцы над радыятарам, хвалюецца ў ветры малы генэральскi сьцяжок. Высокi пасажыр, пагладжваючы жывоцiк, разглядаецца навокал.

Непадалёк за брамай абозу трапляе яму на вока маладая дзяўчына ў вайсковым адзеньнi. На вялiкае генэралава здзiўленьне, яна ня толькi не салютуе, але, здаецца, навет не спасьцерагае генэралавай машыны, анi пасажыра ў ёй.

- Стой, Збысю! - загадвае шафёру генэрал.

Машына борзда затрымоўваецца, а Збысь узiраецца ў камандзера.

- Кранi машыну назад да гэнай "пэсткi", - паказвае зрокам афiцэр дзяўчыну, што засталася крокаў больш дваццацi ззаду.

Аўтамабiль едзе назад i затрымоўваеца каля "пэсткi".

На твары ў дзяўчыны зьяўляецца цень зацiкаўленьня. "Няўжо-ж ён вярнуўся, каб мяне ўзяць ды падвезьцi?" - думае, вiдаць, яна.

- Охотнiчко! - пачынае высокiм тонам Пшэўлоцкi.

- Так ест, пане...

- Хадзi блiжэй!

Дзяўчына падыходзiць.

- Паглядзi сюды! Едзе генэральскае аўта, на перадзе фур-фур повева хоронгеўка i генэрал сядзiць, як бык... а охотнiчка для чэго не салютуе?

"Пэстка" зусiм анесьмялела й згубiла язык, асаблiва таму, што генэрал параўнаў сябе да быка.

Хутка па абозе Сан-Базыльё ды незадоўга й па цэлай армii пачалi "пэстак" дражнiць генэралам-быком. Iдзе, бывала, якi Ясё цi Здзiсё й сустрэне "пэстку".

- Гэй, охотнiчко! - гукне. - Едзе аўта, хоронгеўка повева фур-фур, генэрал сядзiць, як бык, а охотнiчка што на гэта?

Да гэтага аматары анэкдотаў дабаўлялi часьценька зусiм няцэнзурныя варыянты.

У першых тыднях 1945 году рота "цэнзусоўцаў", акрамя шматлiкiх вайсковых заняткаў, здавала экзамены, каб пацьвердзiць сярэднюю адукацыю. У суседняй вялiкай палатцы штодзённа зьяўлялiся сябры вайсковай школьнай камiсii.