Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 216

К Акула

Вiктар Караткевiч пад час экзаменаў зь лiтаратуры пахвалiўся, што польскай лiтаратуры ня ведае, адно беларускую. Настаўнiк адаслаў яго да мiзэрнага з выгляду, дробненькага, худога калегi.

- Раскажыце мне, што вы ведаеце аб "Пану Тадэвушу", - пачаў апытаньне новы экзаменатар.

- Я-ж казаў таму другому пану, што вучыўся ў беларускай гiмназii...

- Дык вы ведаеце беларускую лiтаратуру?

- Так.

- Дык раскажыце, што ведаеце пра Пранцiша Аляхновiча.

Караткевiч быў адным з вучняў Вiленскае Беларускае Гiмназii, што побач зь сяброўкай-гiмназiсткай нёс адзiн з дзесяткаў хаўтурных вянкоў за дамавiнай вялiкага беларускага мучанiка й драматурга, застрэленага бальшавiцкiм агентам зiмою 1944 году. Крышку зьдзiвiўся з такога пытаньня.

- Магу гаварыць па-беларуску?

- Калi ласка, - адказаў па-беларуску афiцэр. Пасьля выяўленьня сваiх ведаў аб творчым багажы Аляхновiча Караткевiч расказаў аб трагiчнай сьмерцi драматурга й паховiнах, у якiх браў удзел. Афiцэр чуў аб гэтым першы раз i вельмi зацiкавiўся. Пазнаёмiлiся. Караткевiч даведаўся, што настаўнiк быў некалi блiзкiм сябрам замардаванага пiсьменьнiка, што сам быў вывезены ў Сiбiр у 1939 годзе, што быў беларусам, заслужаным у беларускiм адраджэнскiм руху. Быў гэта прафэсар Гук.

VII

Пасьля экзаменаў, у канцы студзеня рознымi загадамi 4-я рота "цэнзусоўцаў" пачала разьдзяляцца. З групы колiшнiх менскiх кадэтаў чалавек дзесяць, у тым лiку Сымон Спарыш, Кастусь Дзежка й Аляксандр Лабун, трапiлi на падафiцэрскi курс у 21-шы батальён. Вiктар Караткевiч i Мiкола Дудкевiч трапiлi ў лiку iншых у школу падхаронжых у недалёкую Матэру. Доўта iм там не давялося пабыць. Палякi, заўважыўшы, што ў афiцэрскую школу трапiла блiзу паўсотнi беларусаў, выдалi загад, што вайсковыя ўлады не маглi прызнаць ступеняў адукацыi, здабытых пад нямецкай акупацыяй. Зацiкаўленыя ў будучынi, паводле таго-ж загаду, могуць складаць заявы на курсы, што мелi быць зарганiзаваныя пры войску, а тым часам, хiба яшчэ пасьля некаторага вышкаленьня, мелi папоўнiць франтавыя адзьдзелы. Гэтак палякi, у час спасьцярогшыся, не дапусьцiлi ў афiцэрскую школу беларусаў, хоць тая самая прычына, г. зн. адукацыя, здабытая пад нямецкай акупацыяй, не перашкодзiла iм затрымаць у Матэры ўсякiх "слёнзакаў", "поможакаў" i "кашубаў". Шматлiкiя былыя менскiя кадэты, уцалеўшы ў апошняй фазе вайны, падалi ўсё-ткi заяўкi на курсы й пасьля пасьпяхова iх пакончылi.

Другая рота 21-га батальёну - фактычна падафiцэрская школа - праходзiла навуку прысьпешаным тэмпам. Выглядала, што на фронце патрабавалiся людзi й што вучнi недарма елi белы хлеб. Вестка аб сканчэньнi шкаленьня прыйшла ў канцы лютага. Камандзер роты, лейтанант Олесь, ранiцою пасьля сьнеданьня сабраў людзей у прасторнай сьвятлiцы школы i, прыняўшы рапарт, пачаў гаварыць да вучняў:

- Сабраў я вас, хлопцы, дзеля таго, каб паведамiць, што сяньня нам, на вялiкi жаль, прыйдзецца разысьцiся. Хачу таксама ў кароткiх словах закрануць i нашу палiтычную сытуацыю. Няма чаго хаваць, што палажэньне наша сягоньня крытычнае. Вы самi гэта ведаеце. Iнфармую вас згодна з загадам вышэйшых кiраўнiкоў армii. Палажэньне наша проста трагiчнае. Гэта не значыць, што мусiм апускаць унiз галовы. Былi ў нашай гiсторыi цяжэйшыя моманты, й мы ператрывалi, дзякуючы гэраiзму нашага народу. Ператрываем i гэты. Дый ня толькi ператрываем, але й дасягнем намечанае мэты.