Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 214
К Акула
- Была такая думка.
- Думкi могуць быць. Асаблiва ў Дзежкi дык аж роiцца ад iх у галаве. Ён, брат, такi гарачы. Як нешта пастановiць, дык зараз загараецца саламяным агнём. А праектаў i думак - цьма. Не хачу слухаць. Слухай, цяпер хачу аб больш празаiчным. Цi ня грызе цябе чарвячок часамi?
- Прызнацца, - пацерабiў Лабун за вухам, - дык грыэе. Варта было-б замарыць.
- Вось цяпер толкам гаворыш. А маеш за што?
- Павiнна дзесь быць.
- Ты-ж ня курыш. У цябе цыгарэтаў, пэўна-ж, i свiньнi не ядуць. Цягнi, брат, хутчэй. А я зараз знайду дзесь макароньнiка, й крышку заморым чарвяка.
- Чарвякоў, - паправiў Лабун, - бо й твайго таксама.
- А ты думаў, я аб якiм гэта? Ну дык ты насалоджвайся матэматыкай, пакуль я вярнуся, - казаў Сымон, узяўшы ад Лабуна дзьве пачкi цыгарэтаў i выходзячы па вiно.
VI
Кожная вёска мае сваiх баб-пляткарак, а кожны вайсковы абоз дзiвакоў-гэрояў. У Сан-Базыльё найбольш папулярным i ведамым гэроем быў ня хто iншы, як сам камандзер базы 7-й дывiзii генэрал Пшэўлоцкi, празваны Прашка. I прычынаю гэтага ня была яго пазыцыя як камандзера абозу, а зусiм iншае. Цi то ён сапраўды быў камiчным, цi то выглядаў камiчным у вачох жаўнераў - было, мабыць, адно й другое. Стаўся аб'ектам показак, жартаў i насьмешак...
Пшэўлоцкi распачаў вайсковую кар'еру яшчэ ў расейскай царскай армii. Быў чалавекам расейскай культуры i ўзгадаваньня. Як нi сьцярогся, расейскiя словы ўсё роўна траплялi ў ягоную мову, як i тая "пряжка", што сталася ягонай мянушкай. Генэрал меў слабасьць да блiскучых жоўта-залатых спражак, што аздаблялi шырокабрызентавыя ангельскiя вайсковыя пасы. Гэтак, сустрэўшы ў абозе жаўнера ды кiнуўшы вокам на брудны пас i спражку, генэрал нахмурыўся.
- Гэй, стшэльцу! - гукнуў радавога, калi той адсалютаваў.
- Я ёсьць, пане генэрал! - выпрастаўся радавы.
- Чаму ходзiце з такой бруднай пряжкай?
Радавы, зьбянтэжыўшыся, нiчога не адказаў.
- Пытаюся, чаму пряжка брудная? - падняў голас на нотку вышэй Пшэўлоцкi.
- Не разумею, пане генэрал.
- Як гэта не разумееш? Хто за цябе мае чысьцiць?
- Што чысьцiць, пане генэрал?
- Дурнем прыкiдваешся? Пряжку чысьцiць, пся косьць!
- А што гэта такое "пряжка"?
- Пряжка то ёсьць... гэта ёсьць спшоншка, стшэльцу, - растлумачыў, на момант зьбянтэжыўся Пшэўлоцкi.
Ад гэтага часу мянушка прылiпла да старога афiцэра.
Расейшчына часьценька прабiвалася наверх то ў генэралавай гутарцы, то ў навыках. Аб расейскiм узгадаваньнi Пшэўлоцкага сьведчыў сапраўдны факт, што здарыўся пры адкрыцьцi курсаў для жаўнераў корпусу ў Мачэраце. Генэрал прамаўляў да вучняў, звяртаючы асаблiвую ўвагу на тое, каб не марнавалi часу, казаў, што патрабуе iх Бацькаўшчына, а дзеля таго ён лiчыць патрэбным падкрэслiць трагiзм Польшчы ў мiнулым.
- Польшча патрабуе асвечаных i квалiфiкаваных кадраў як у войску, так i ў iншых дзялянках дзяржаўнага апарату. Старайцеся й вучыцеся, каб гэныя кадры папаўняць, каб народ наш быў мацнейшы, каб у будучынi апяклi рукi тыя, што палезуць па наша дабро.