Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 213

К Акула

- У тым-то й сук. Яно-то й самае цяжкое. Для нас якая з таго карысьць, што палякi сяньня, стараючыся адваяваць дзяржаву, адначасна ўжо руйнуюць i ейныя асновы? Ад таго часу, калi лёс спалучыў шляхi беларускай дзяржавы з польскай, наша нацыянальная зорка перастала ясна свяцiць, а цяпер амаль зусiм зьнiкла. Толькi маскалi на тым скарысталi. Польскiм панком варта было-б зрабiць парадак у сваiм катушку, пакуль у чужы пхацца. Нiколi нiкому ня прынесьлi яны дабрабыту. А цяпер, дзякуючы сваёй палiтычнай недасьпеласьцi, самi лятуць у бездань i iншых за сабой цягнуць!

- Нам трэба зь iмi мець як найменш супольнага. Як ты кажаш, будуць цягнуць нас за сабою ў бездань.

- Гэта ўсё справы будучынi. Цяпер вось трэба неяк ператрываць, асьцерагацца, каб панскiя "псы" цябе ня ўкусiлi. Можа, варта вучыцца на iхных памылках. Гэта цi ня будзе найбольшая карысьць для нас у польскай армii. Прыйдзе канец вайны, й хто ведае, як будзе сьвет выглядаць. Але што-б нi сталася, тое, што навучыўся, - тваiм будзе, а для нашай Бацькаўшчыны патрэбныя спрактыкаваныя людзi. Вучыся на памылках ворага. Як прыйдзе час - будзеш ведаць ягоную моц i слабасьць. Змаганьне зь iм ня будзе тады вялiкай праблемай.

- Ты-ж хаця не пачынай змагацца цяпер, пакуль на iхным хлебе сядзiш.

- На iхным хлебе? Але-ж i дурань ты, хлопчык мой. А на чыiм яны? Ангельцы iх кормяць, i фактычна яны цяпер ня больш чым наймiты.

- Няхай сабе.

- Дык вось i "няхай сабе". Не зрабiлi яны для нас нiякай ласкi, прымаючы ў армiю. Кiравалiся сваймi iнтарэсамi й ня маюць чаго цяпер з чорнага рабiць белае. Ня быў-бы ты патрэбны iм за "пахолка" - фiгу цябе ўзялi-б.

- То праўда. Разумна гаворыш. Аж не пазнаю цябе часамi.

- Ну, ты ўжо кпiнкi ня строй, браце. Ясна, што праўда. I чаго-ж цяпер маюць зь сябе шляхоткаў удаваць, калi адзiным матывам iхнiм было выкарыстаньне нашых людзкiх сiл. Тут i прабiваецца, як пад вясну вада празь лёд, тая фальшывасьць, гнiлiзна й недаспеласьць iхнага палiтычнага характару. Заўсёды кiравалiся й кiруюцца лёгiкай таго нэгра, што сказаў: "Калi я ў каго ўкраў карову - дык гэта добра, а калi хто ў мяне ўкраў карову - дык гэта дрэнна".

- Ведаеш, я гаварыў зь Дзежкам, i ён раiў, каб мы абое падалiся ахвотнiкамi на фронт, - перайшоў на iншую тэму Лабун.

- На фронт? Ахвотнiкамi? Як гэта разумець?

- Ня ведаю й сам... Надакучыла гэта вазьня рэкруцкая, абрыдла, агоркла проста. Вечна толькi "зважай" ды "вольна". Чацьвёрты цi пяты раз ад таго самага пачынаем. Нейкай перамены трэба было-б.

- Але-ж Дзежкава башка й зварыла. Цi, можа, i твая тут памагла?

- Можа...

- Яго псiна гэта карае, а ён на фронт пайшоў-бы. Якая-ж тут лёгiка?

- Кажа, што асабiстыя прычыны.

- Кiнь ты. Няма ў яго асабiстых прычынаў, выдумкi толькi. Я лепш яго знаю, чымся ты. Зрэшты, калi ззаду можна тое-сёе зманкiраваць, то на фронце ня ўдасца. Цi мо пайшлi-б пры нагодзе ў палон да ранейшага пана? Ах, - махнуў Сымон рукою, устаючы, - я ня думаю, што гэта вы паважна.