Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 208
К Акула
Мыдлеўскi ня даў скончыць. Маланкаю кiнуўся на Дзежку. Беларус адступiў пару крокаў убок, а былы асаднiк з разгону, зачапiўшыся за нейчую нагу, бразнуўся вобземлю. Дзежка хутка накiнуўся на яго й пачаў таўчы кулакамi.
Усё гэта сталася так хутка, што адно цяпер прысутныя спасьцераглi сур'ёзнасьць выпадку. У палатцы падняўся крык i вэрхал. Змагароў пачалi разбароньваць, а Фост'як, выбегшы на двор, клiкаў службовага. У дзьвярах пачуўся прарэзьлiвы гук сьвiстка й вырасла высокая фiгура капрала падхаронжага зь бела-чырвонай павязкай на левым рукаве.
- Зва-а-жай! Што тут такое дзеецца? Што за балаган?
Змагары стаялi пасярод, засопшыся, i абтрасалi з вопраткi пясок.
- Ён на мяне накiнуўся, пане падхаронжы! - жалiўся Мыдлеўскi.
- Я на цябе накiнуўся? Ах ты, лгар! Няхай во хлопцы скажуць! - баранiўся Кастусь.
- Цi ня бойка гэта тут была? - распытваў службовы.
- Нiхто ня бiўся, пане падхаронжы, - асьмелiўся Лабун.
- Як то не бiўся? Ён мяне бiў! - крычаў паляк. - Пане падхаронжы, я ня лгу. Я яму гэтага не дарую.
- Хадзеце вы двое за мною ў канцылярыю.
IV
Камандзерам чацьвёртай роты "цэнзусоўцаў" быў сярэдняга росту, лысаваты й гарбаносы лейтанант Эдвар Цясьлюк, празваны жаўнерамi Эдзем. У войску ёсьць два роды афiцэраў: франтавыя й заднiя або школьныя. Эдзё быў дасканалым прыкладам апошняга роду. Належаў да тых, што любяць капацца ў паперах, прытрымлiвацца лiтараў загадаў, сачыць за найменшымi дробязямi; пiльнаваць, каб блiшчэла на кожным рэкруце вышлiфаваная спражка й зьзялi выглянцаваныя чаравiкi; дагледзець, каб на мушцы стрэльбы ня было анiводнай пылiнкi, каб былi зашпiлены ў жаўнерскiх мундзiрах усе гузiкi й аплiкi; спасьцерагаць, каб на паголенай жаўнерскай барадзе ня было анiводнай валасiнкi i каб у шэрагу роты, пастаўленай на "зважай", не зварухнулася без загаду анiводная постаць. Эдзё належаў да тых, што робяць усё магчымае, каб агарчыць i абрыдзiць жыцьцё рэкрутам розных ваенных школаў. Можна было-б сьмела залажыцца, што калi-б Эдзё нейкiм чынам трапiў ваяваць на фронце ў лiку рэкрутаў, якiх школiў на жаўнераў, то першая куля, якую яму давялося-б атрымаць, прыляцела-б ня з боку працiўнiка, а ззаду ад сваiх людзей. Мо з гэтай прычыны школьныя афiцэры й ня высылаюцца на фронт, хiба ўжо ў самыя крытычныя часы, калi вычарпаюцца афiцэрскiя рэзэрвы.
Адылi Эдзё, акрамя спраўнага вока на розныя неабходныя й лiшнiя дробязi, валодаў яшчэ й iншым талентам, - яму, прынамсi, здавалася, што гэта быў талент, - красамоўства. Калi не ўяўляў сябе Цыцэронам, то ўжо найменш Пятром Скаргам. Бяз сумлеву лiчыў сябе адным са слупоў узгадаваньня вызвольнай польскай армii, а дзеля гэтага акрамя найстражэйшага выкананьня загадаў i розных, часамi аж камiчных драбнiцаў, уважаў здольнасьць прамаўленьня за адзiн з найважнейшых сваiх атрыбутаў. Калi-б Эдзё, з гэтымi прамоўчымi здольнасьцямi, апынуўся нейкiм чынам на перадвыбарчай плятформе мiтынгу ў дэмакратычнай краiне, то здарылася-б адно з двух: або пасьля колькiх хвiлiн прамаўляў-бы да пустых крэслаў, або прамоўца быў-бы абшлёпаны памiдорамi й гнiлымi яйкамi. Але Эдзё быў вайсковым афiцэрам. У войску-ж цi табе хочацца цi не, падабаецца цi не, а слухаць мусiш. Афiцэр тое выкарыстоўваў i хiба сам адзiн у найбольшай меры насалоджваўся собскiмi прамовамi.