Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 210

К Акула

* Статутаў.

Гарбаносы лейтанант паправiў сваю напалеонаўскую паставу, кашлянуў разоў пару, прачысьцiў прасочанае алькаголем горла й пасьля, акiнуўшы суровым зрокам тры шнуры твараў, працягваў:

- Вы, можа, думаеце, што рэкрут Дзежка адбывае кару за звычайную бойку, пад час якой без правакацыi накiнуўся на невiнаватага сябру? Кажу вам, што не. То ня была бойка зь нейкае звычайнае прычыны. Бiлiся не таму, што падпiлi цi не падзялiлi дзяўчыны. Прычына была другая. Над ёй хачу й затрымацца.

Другi польскi корпус пасьля цяжкiх i зацяжных гэройскiх баёў у паўночнай Афрыцы пад Тобрукам i ў Iталii, асаблiва пад Монтэ Касына й на Лiнii Готаў, страцiў тысячы, а мо й дзесяткi тысяч сваiх найлепшых жаўнераў. Дарога наша са зброяй у руках да вольнай Айчыны яшчэ далёкая. Прайшлi мы, можа, толькi палавiну яе. Так, пане, хто ведае. Таму й армiя наша патрабавала новых папаўненьняў, сьвежых сiлаў. Таму, ведаючы, што акупант Польшчы сiлаю забiраў у свае шэрагi нашых "родакаў" i што яны цяпер, карыстаючы зь пераможнага маршу хаўрусьнiкаў, пераходзяць да iх масамi ў палон i жадаюць далучыцца да нас, наша каманда даўно папаўняе шэрагi корпуса палоннымi зь нямецкае армii. З гэтага дваякая карысьць: i для тых, што прыходзяць, i для нашай армii, бо яна расьце й мацнее. Найбольшая-ж з таго карысьць для нашай Айчыны Польшчы, бо ейнае дабро толькi ляжыць у нас на сэрцы.

Але не забывайцеся, што гiтлераўскi акупант Польшчы разьядаў i нiшчыў цела нашага народу. Вынiшчыўшы мiльёны голадам i ў канцэнтрацыйных абозах, ён уводзiў розьнiцу й сеяў нязгоду сярод жывых. Адным з мэтадаў такога "ружнiчкаваньня" быў вынаход на тэрыторыi Польшчы нацыянальнасьцяў, якiх раней ня было або якiя ня выявiлiся. Некаторыя людзi, якiм убiта ў галовы, што яны не палякi й што палякi - iх ворагi, трапiлi й да нас. Яны ёсьць прадукт гiтлераўскае палiтыкi, аб чым найчасьцей i ня ведаюць. Я скажу вось што: пара было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы, якiмi iх надзялiла перадваенная Польшча, i забыцца...

- Ачхi! А-ачхi! А-а-апсiк! - пачулася гвалтоўнае кашляньне пару дзесяткаў асоб у роце. Эдзё раптоўна змоўк i, злосны, зачырванеўся. Былыя менскiя кадэты зрабiлi анёльскiя мiны й чакалi далейшага.

- ...кажу, варта было-б iм прыпомнiць тыя дабрадзействы зь перадваеннай Польшчы, - працягваў са злосным нацiскам афiцэр, - i выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры". Так, пане, асаблiва цяпер, калi наша армiя ўзяла iх пад крыльлi свае апекi, павiнны яны быць удзячнымi Польшчы. Але здаецца, што яны яшчэ ня ўсвоiлi лекцыi. Пад нямецкай акупацыяй маглi пашыраць розныя дурнiцы й марыць аб нейкiм "ружнiчкаваньнi". Для нас-жа яны былi й будуць польскiмi грамадзянамi. Iхнi абавязак, так, як i наш, змаганьне за вызваленьне польскай Бацькаўшчыны. Таму дзiўна, што некаторыя зь iх, трапiўшы навет цяпер у нашыя адзьдзелы, стараюцца дэманстраваць нейкiя нацыянальныя розьнiцы. Я не хачу гэтага чуць i бачыць у сваёй роце! - крыкнуў, ледзь не запенiўшыся, нашчадак езуiта Скаргi. - Хачу папярэдзiць тых, што хочуць уводзiць у нас розьнiцы й нязгоду, што мусяць спынiць гэта неадкладна! Няхай выкiнуць з галавы гiтлераўскiя "бздуры" дзеля свайго дабра. Або яны будуць добрымi жаўнерамi й добрымi польскiмi грамадзянамi, як усе iншыя, або, калi будуць далей прадаўжаць бруднае палiтыканства, для iх знойдзецца месца па-за рамамi армii. Так, пане. Запiшыце гэта сабе на лбе, да каго гэта адносiцца!