Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 206

К Акула

У палатцы, дзе памяшчалiся Дзежка, Лабун, Самароб i Яронскi - чатыры менскiя кадэты - жылi й чатыры палякi: жартаўлiвы й звычайна ветлiвы, паходжаньнем дзесь з Пазнанскага краю, Чарнецкi, паважны й цiхi Фост'як, бесталковы й балбатлiвы Скронскi й бурклiвы, вечна незадаволены сын асаднiка з Заходняй Беларусi, беларусаед Мыдлеўскi. Ён ад свайго бацькi атрымаў у спадчыну тое пачуцьцё "вышэйшасьцi", панскасьцi й "лепшасьцi" ў дачыненьнi да сялянскага беларускага народу, не гаворачы ўжо аб неталеранцыйнасьцi да ўсяго беларускага ды iншых адмоўных "цнотах". Не абмiнаў нагоды, каб пазьдзекавацца над "кацапамi". Пад слова "кацапы" падводзiў ня толькi расейцаў, але й беларусаў i ўкраiнцаў. Хаця нейкiм чынам трапiў у роту "цэнзусоўцаў", некаторыя сумлявалiся, што меў сярэднюю асьвету. Пабыўшы ў Сiбiры, надта зьненавiдзеў расейцаў. Разам умацавалася ў яго й ранейшая нянавiсьць да беларусаў, на целе якiх некалi ўзрос i гадаваўся.

У Дзежкавай палатцы часьценька гулялi ў карты, пераважна ў ачко. Стаўкаю былi цыгарэты, але таму, што яны ў банку нiшчылiся й брудзiлiся, дык гулялi сернiкамi, якiя пасьля зменьвалi на цыгарэты. Гэтак у адзiн студзеньскi падвячорак, пасьля дзённых рэкруцкiх заняткаў на полi, аматары картаў заселi вакол малога столiка. Дзежку выдатна шанцавала, i пасьля няцэлай гадзiны перад iм ляжала з паўтузiна выйграных пачак цыгарэтаў. Ён паклiкаў аднаго зь сяброў, што сачылi за гульнёй, i, пашаптаўшыся, сунуў таму ў кiшэню тры пачкi. Праз паўгадзiны сябра вярнуўся з дзьвюма пляшкамi добрага вiна. Дастаў яго, пэўна-ж, ад iтальянца, шмат якiх цэлы час круцiлася каля базы, каб якi гандаль зрабiць.

- Ну, хлопцы! - пачаў Дзежка, трымаючы ў кожнай руцэ па пляшцы вiна. Ведайце добрае сэрца радавога Канстантына Дзежкi. Не хацеў-жа я абгульваць вас сяньня, але калi вы, проста сказаць, напрасiлiся, дык дазвольце мне хоць пачаставаць вас.

- Брава! Маладзец! - гукнуў Скронскi, што надта-ж любiў пацягнуць вiна, асаблiва дармавога.

- А за што-ж п'ём? - пытаўся Фост'як.

- Увага, панове, увага! - падняў уверх руку Дзежка. - Вып'ем сяньня за новы беларускi ўрад!

- Урад? А дзе-ж ён?

- А вось зараз зарганiзую.

- А мiнiстраў маеш?

- А во зараз будуць. Колькi-ж гэта мне патрэбна? Чакайце хвiлiнку: найперш мушу мець мiнiстра вайны, пасьля гандлю, гаспадаркi, замежных справаў, асьветы, нутраных справаў, - лiчыў на пальцах. - Цьфу на цябе! Ужо шэсьць трэба, а ў мяне пад рукою адно чатыры беларусы.

- Прэм'ер-мiнiстрам хiба-ж сам будзеш? - падказваў Скронскi.

- Абсалютна ясна, зразумелая рэч.

- У вас, у цэлай "Кацапii", цi знойдзецца столькi разумных людзей, каб на ўрад хапiла... - кiнуў з кутка Мыдлеўскi. Ён сядзеў воддаль ад гульцоў i ўшываў гузiк. Хлопцы й забылiся-б аб ягоным iснаваньнi, калi-б цяпер не адазваўся.