Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 209
К Акула
Амаль кожнае ранiцы, пасьля агульнае раньняе малiтвы, сьнеданьня, падлiку людзей i рапарта чацьвёртая рота хаця-нехаця мусiла слухаць колькiхвiлiнныя Эдзевы прамовы. У лейтананта было шмат тэм, сярод найбольш улюбёных былi - аб чысьцiнi й парадку, аб падпарадкоўваньнi загадам i аб розных духовых "цнотах".
Выпадак зь Дзежкам i Мыдлеўскiм адкрыў перад Эдзем новыя небакраi. Чампiён пашырэньня й узгадаваньня розных духовых "цнотаў" убачыў перад сабою новыя вялiкiя магчымасьцi выяўленьня сваiх прамоўнiцкiх здольнасьцяў.
Перш за ўсё назаўтра два вiноўнiкi былi паклiканы да карнага рапарту. Мыдлеўскаму лейтанант даў адно вуснае папярэджаньне, а Дзежку пакараў чатырма гадзiнамi гэтак званае "стойкi ў поўным рыштунку". Кастусь адбываў кару на працягу чатырох дзён у абеднюю пару - па адной гадзiне кожны дзень. Роўна а дванаццатай адзначаўся ў службовага падафiцэра роты. Апрануты быў як для паходу, улучна з плецаком, шлемам, патранташамi й стрэльбай. Пляцак напакаваны быў прыпiсаным жаўнерскiм рыштункам. Вопратка мела быць вычышчаная й выпрасаваная, як з-пад iголачкi. Службовы падафiцэр пасьля iнспэкцыi адводзiў Дзежку ў цэнтральнае месца на пляцы перад палаткамi роты, дзе ставiў пакаранага на "зважай" са стрэльбаю на левым плячы, i ў гэтай пазыцыi юнак мусiў адстаяць цэлую гадзiну. Каму здаецца, што гэта лёгенька, няхай паспрабуе пастаяць гадзiну, як сказаў-бы селянiн, улегцы, а ня то што наладаваўшы на сябе мо пуды два рознага знарадзьдзя. Пакараны ня мае права зрабiць найменшага руху, акрамя морганьня вачыма. Галоўная небясьпека - млявасьць, што праз пэўны час апаноўвае пакаранага. "Стойка" ў асноўным i палягае на змаганьнi ўкаранага з млявасьцю i драньцьвеньнем цела. Апрача ротнага службовага падафiцэра, што ня спускаў зь Дзежкi вока, заглядаў у роту дзеля дапiльнаваньня адбыцьця кары й батальённы службовы афiцэр.
На наступны дзень пасьля пакараньня Дзежкi Эдзё наважыўся асьвяжыць свае прамоўнiцкiя здольнасьцi. Нагодаю была раньняя зборка пасьля сьнеданьня перад заняткамi ў полi.
- Рэкруты! - пачаў да пастаўленай на "вольна" роты самародны Цыцэрон. Учора пакараў я радавога з нашай роты сумай чатырох гадзiнаў "стойкi ў поўным рыштунку пад стрэльбай". Ведаеце, што гэта адна з найцяжэншых караў, якiя ёсьць у войску, але я кажу, што за ягоную вiну - гэта кара надта лёгкая. Так, пане, гэта лёгкая кара, якую я мог адмераць за тое, што ён зрабiў. Нiколi, паўтараю, нiколi, колькi часу служыў я афiцэрам у войску, ня было мне мiла караць падуладных. Заўсёды аб гэтым зазначаў, казаў i вам колькi разоў, прасiў, каб вы захоўвалiся й трымалiся ўсiх рэгулямiнаў* i загадаў. Калi караю, дык толькi ў меру крайняй неабходнасьцi, толькi тады, калi падуладны ня бачыць, што ўсё, што я раблю, гэта дзеля ягонага дабра. Так, пане, дзеля ягонага дабра й сам заслугоўвае кары.