Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 191
К Акула
"Так, - думаў юнак, прыглядаючыся зеленкавата-шэрым хвалям Мiжземнага мора з мараплава, што вёз яго цяпер у Iталiю, - вельмi-ж цiкава, як выглядаюць i што робяць цяпер "пшэкi" й цi хоць крышку зьмянiлiся, навучылiся й паразумнелi за вайну. Дый глядзець цяпер ужо буду iншымi вачыма. Колькi-ж за час вайны набраў чалавек жыцьцёвай практыкi. Гэта-ж ня тое, што калiсьцi - сьвет быў закрыты. Галоўнае, што прыйшла нарэшце нацыянальная сьведамасьць i што з поўнай разумовай сьпеласьцю магу цяпер добра ацанiць колiшняга акупанта".
НА СОНЕЧНЫМ УЗЬБЯРЭЖЖЫ
I
Нэапаль! Колькi на працягу стагодзьдзяў валадары пяра прысьвяцiлi табе слоў, колькi кампазытары складалi аб табе песьняў, колькi маляры спэцкалi фарбы, стараючыся адлюстраваць тваё прыгожае аблiчча. А ты ўсьмiхаўся празрыста-блакiтнаю гладзьдзю шырокае паўкруглае затокi, вiтаў падарожных залатымi праменьнямi ўзыходзячага з-за твае сьпiны сонца, супiўся шэрымi, па гарбатым сьхiле раськiданымi мурамi ды вечна пагражаў цёмным сiлуэтам велiчна-маестатычнага Вэзувiя.
Уяжджаючы ў Нэапалiтанскую затоку з захаду, мiнаеце па дарозе з правага боку малы скалiсты абток* Капры. Недарма ў даўнейшыя часы служыў ён добрым сховiшчам i абароннай цьвярдыняй для пiратаў. Стратэгiчнае палажэньне забясьпечвала рабаўнiкам хуткi й зручны доступ да ўсiх пунктаў горнага пахiлага ўзьбярэжжа, а лябiрынт водных злучэньняў пад скаламi абтоку быў дасканалым сховiшчам для нарабаванай здабычы, зброi й ваенных матэрыялаў.
* Востраў.
Зьмянiлiся спосабы людзкiх войнаў i разбояў, а разам зь iмi й прызначэньне абтоку Капры. У выгодных вiлах, санаторыях i на летнiшчах адпачываюць багатыя замежныя госьцi з усяго сьвету, лечацца й дужэюць змучаныя й хворыя, упiваюцца сонцам i палошчуцца ў крыштальна чыстай вадзе падарожнiкi, кiшэнi якiх патрапяць вытрымаць немалыя кошты. Абток Капры славiцца па цэлым сьвеце ў песьнях, памiнаецца ў назвах вулiц, мiльгае сьвётламi нэонаў на вулiхац вялiкiх гарадоў у рэклямах самых разных прадуктаў. Абток Капры лагодна казыча прыемныя ўспамiны цi аднаго з багачоў, якому ўдалося правесьцi там у выгадзе й пяшчотах сонечныя часы жыцьця.
Адылi для звычайнага чалавека, што праяжджае паўз Капры ў Нэапаль, абток застаецца ў памяцi нярэальным, нявыразным сiлуэтам ахутаных ранiшнiм туманам скалаў. Затое Нэапаль - гэта ня зьява, а рэальнасьць, даступная бальшынi хаця-б таму, што зьяўляецца галоўнай брамай, празь якую замежнае людзкое мора плыве на сонечныя берагi Апенiнскага паўабтоку.
Нельга не захапляцца прыгожай панарамай Нэапаля ўдзень, а ўжо зусiм немагчыма ўстрымацца ад захапленьня ўначы. Тады старажытны горад забаўляецца золатам мiльёнаў сьвётлаў. Калi вам давялося-б увечары прыглядацца месту з мараплаву, пэўна-ж, вы iмкнулiся-б адрознiць верхнюю мяжу, дзе электрычныя сьвётлы зьлiваюцца зь яркiмi зоркамi, i другую мяжу ўнiзе, дзе яны выразна адлюстроўваюцца ў спакойнай вадзяной роўнядзi. Падумаеце, што нечая магутная рука шчодрай жменяю рассыпала кавалкi золата ў небе, на зямлi i ў вадзе.