Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 193

К Акула

Вялiкая каляна "палякаў", выладаваўшыся ў порце, паўзе ў кiрунку чыгуначнай станцыi. Зацiкаўленая публiка затрымлiваецца на тратуарах i стараецца ўгадаць, што гэта за яны такiя ў нямецкай вайсковай вопратцы. Вока шукае й не знаходзiць канвойных. Наперадзе калёну вядуць два польскiя афiцэры ў ангельскiх апранахах. Загадка разьвязана. Гэта палякi, што ваявалi за Гiтлера, а цяпер, мусiць, цi ня будуць ужо памагаць ангельцам. Гэтак падумаўшы, зацiкаўлены з тратуара прадаўжае сваю дарогу. Ад калёны адно не адстаюць падшыванцы - малыя хлапчукi. Iхняе заданьне зусiм празаiчнае: што-небудзь дзесьцi ўпаляваць. Усё-ж i ў гэтых палякаў сёе-тое ды мусiць быць.

Калёна чакае на станцыi. Вунь ужо паўзе даўгаваты вуж вагонаў, хутка заладуюцца ды паедуць. Гавораць, дзеляцца ўражаньнямi, закурваюць. Розныя хатулi бязь нiякага парадку параськiданыя ляжаць на плятформе. Воддаль стаiць не адна й ня дзьве, а некалькi групаў босых, замурзаных, абарваных малых iтальянцаў. Прыглядаюцца жаўнерам, горача мiжсобку перакiдваюцца словамi. Адважнейшыя ледзь заўважна прыблiжаюцца да клункаў.

- Гэй там! Глядзi! Глядзi, вунь цыганё пляцак папёрла! Лавi яго! - раве нечы голас.

Малы басаногi хлапчук, схапiўшы пляцак, колькi сiл у нагах прэ цераз чыгуначныя рэйкi. За iм зрываецца зялёная фiгура й вось-вось, глядзi, як дагонiць. Злодзей кiдае хатуль i сам дае ходу. Iншыя групкi хлапчукоў як быццам хто мятлой падмёў. Ня дурныя яны цяпер тырчаць пад носам у жаўнераў, калi аднаму не ўдалося.

III

У самым куточку мiж абцасам i падноскам iтальянскага бота ляжыць вялiкi й стары партовы горад Таранто. Колькi кiлямэтраў на поўнач ад яго, побач галоўнае шашы на Бары, у часе Другой сусьветнай вайны знаходзiўся вялiкi пераходны вайсковы абоз* Ёлянда. Ляжаў ён на камянiстай, парослай алiўкавымi дрэвамi раўнiне. Дробныя кусты й алiўкавыя дрэвы складалi тут асноўную флёру. Зямля навокал адно месцамi была культываваная. Там-сям каля дарогi заўважыць можна было адзiнотныя каменныя, з плоскiмi вярхамi будынкi. Там жылi наёмнiкi й арандатары вялiкiх фэрмаў, што належалi да багатых абшарнiкаў, уласнасьцю якiх была большая частка паўдзённае Iталii. На ўзгорках пасьвiлiся, пабрынькваючы званкамi, козы й авечкi, раслi алiўкавыя дрэвы, а на ўраджайнейшых глебах - вiнаграднiкi й аранжавыя сады.

* Лягер.

Абозам Ёлянда была вялiкая колькасьць сярэднiх, пераважна васьмiасабовых, шэрых брызентавых палатак. Толькi кухня й харчовы склад былi мураваныя зь белай каменнай цэглы. Навет склад вопраткi й абозная канцылярыя былi разьмешчаныя ў палатках. Абоз прымаў рэкрутаў, надзяляў iх вопраткай, клясыфiкаваў паводле здольнасьцяў i зброi ды высылаў у базы вайсковага шкаленьня - асноўным чынам у пяхотную 7-ю дывiзiю, папулярна званую базай "сёмкi", што была ў адлеглым на нейкiх пятнаццаць кiлямэтраў па дарозе ў Бары абозе ў мясцовасьцi Сан-Базыльё.