Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 190
К Акула
- Бяжы, сынок, да Антанiны, папрасi пару вугалькоў, каб печ распалiць, прасiла хлопца мацi, - а калi няма, то няхай сернiкоў зь пяток пазыча.
Прынесеную хлапцом пазычаную запалку намагалася мацi найперш падзялiць вострым нажом на колькi частак. Часьценька не ўдавалася. Найцяжэй было з галоўкаю серкi, што часта пры расшчэплiваньнi зусiм адпадала ад дрэва. Сымон нiколi не забыўся, як цяжка пры гзтым уздыхала мацi:
- Божа-ж ты мой, от-жа якое лiха. I не ўдалося. Кажуць - дзе каротка, там iрвецца.
Сьпяшыў назаўтра Сымон зь дзесяткам яек у мястэчка. Свая сям'я бачыла яйкi на стале адно на Вялiкдзень цi пры цяжкiх летнiх працах. Збыўшы тавар, вяртаўся дахаты хлапец з новым запасам сернiкоў, а мацi зноў старалася кожную штуку падзялiць на чатыры.
Усе малыя дзецi цiкавяцца рознымi машынамi. Малы Спарыш любiў цягнiкi, аўтамабiлi й самалёты. Першых нагледзеўся ўволю, бо чыгунка прабягала каля вёскi. Горш было з аўтамашынамi. Хаця вёска ляжала пры галоўнай дарозе, яны праходзiлi там надта рэдка. Бывала, спасьцеражэ хлапец на дарозе вялiкi клуб пылу i - адкуль возьмуцца тыя ногi - прэ, задыхаўшыся й адвесiўшы язык, каб хаця-ж усьпець прыгледзецца зблiзку. Звычанна ехаў гэта з адлеглага на восем кiлямэтраў маёнтку пан Сьлiвiнскi. "Якi-ж бы я быў шчаслiвы, - думаў Сымон, калi-б гэны пан спынiўся хоць на мiнутку й дазволiў прыгледзецца да самаходу, а мо й дакрануцца да яго".
Колькi чуў хлапец пра магутнасьць польскае дзяржавы, колькi наслухаўся ад настаўнiцы гiсторыi апавяданьняў аб польскiм гэройстве ў мiнулым, аб сiле Польшчы ў сучасным. Ад мясцовых панкоў i ўсякай адмiнiстрацыйнай дробязi чуў, што Польшча мае самую найсiльнейшую армiю ў Эўропе, што такой не маюць нi немцы, нi расейцы. Былi ў палякаў, паводле iх, i моцныя танкi й самалёты, i падводныя лодкi "Ожэл" i "Сэмп", i iншая зброя.
- Няхай адно цяпер адважацца швабы цi кацапы ступiць на нашу польскую зямлю! - вымахвалi кулакамi панкi й падпанкi. - Не дамо нiводнага гузiка ад нашага польскага плашча.
I хутка прыйшла нагода. У палякаў забралi ня толькi ўсе "гузiкi", але й сам "плашч". За два тыднi зьгiнула "вялiкая моцарствовая", якую паны так нядаўна манiлiся яшчэ разбудаваць "ад можа да можа". Польскi акупацыйны апарат, быццам тая пена, зьнiк зь беларускага цела, а маскоўская чырвань, дазволiўшы сялянам на парумесячную перадышку, хапiла iх за горла абцугамi калгаснае сiстэмы. Запоўнiлiся на станцыях гаротнiкамi-беларусамi цяплушкi-вагоны, i ўчора яшчэ прыгнятаны панамi беларускi селянiн ехаў сяньня ў Сiбiр следам тых-жа прыгнятальнiкаў.
Калi раней Сымон Спарыш мяркаваў, што палякi ёсьць фальшывыя, эксплуататары, нялюдзкiя ў дачыненьнi да слабейшых, дык за часамi гiтлераўскае акупацыi, сочачы, як верна служылi немцам i дзе маглi вынiшчалi беларусаў, пераканаўся, што было сярод iх цi мала подлых. З агiдай глядзеў, як людзi, якiх ведаў са школы, што раней пагражалi "швабам", сяньня за кавалак хлеба гатовыя былi лiзаць iм пяткi, зьдзекавалiся над безабароннымi, абы выслужыцца новым панам.