Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 188
К Акула
Дзяўчынка нясьмела зiрнула на загарадзiўшага дарогу рослага хлапца, кiнула вачмi на бакi, назад i ня ведала, што рабiць. Пад пахаю трымала блiскучую новенькую скураную сумку.
- Не хадзi тут! Гэта наша сьцежка, а ты хадзi дарогай! - грозна загадаў Сымон.
- Пусьць мне, - плаксiвым голасам паспрабавала дзяўчынка.
Сымон ня ўступiў, дарма што чорная карова дабiралася ўжо да суседняга аўса. Таго навет i ня бачыў, а цэлай iстотаю сачыў, што будзе рабiць "шляхцянка". У "шляхцянкi" перш задрыжэла нiжняя вусьнiна, а потым ужо й то надта раптоўна пакацiлiся па твары сьлёзы. Яна хутка крутанулася на правай назе i ўжо на бягу дамоў кiнула пагрозьлiва Сымону:
- Я повем маме. Зобачыш ты, хаме, кацапе едэн!
Ня першы раз давялося хлапчуку чуць такiя словы. У суседнiм мястэчку, бывала, калi праходзiў вулiцай, адлучыўшыся ад бацькоў, малыя польскiя падросткi абкiдвалi гразёй i крычалi ўслед "хаме" й "кацапе". Дык там хаця-ж былi хлопцы, а тут такая малая жаба Тарэска й тая адважылася.
- Ах ты, шчанё, здыхлячка панская, ты мяне яшчэ празываць будзеш! Трымай яе! - кiнуўся за дзяўчынкай.
Тарэска, уцякаючы, згубiла скураную сумку, i Сымон спынiўся. Адагнаў з аўса чорную карову й адно цяпер затрывожыўся. Сачыў за фальваркам Жарноўскiх. Хутка адтуль паказалася зноў малая фiгура Тарэскi ў суправодзе маткi. Прайшлi побач, скоса пазiраючы на Сымона.
У тую ранiцу спазьнiўся хлопчык у школу, бо старэйшы брат занадта адцягнуў з падменай на пасьце. Трапiў на суровыя й злосныя вочы настаўнiцы. Ведаў, што ўсё пераказана й атрымае кару. Надта-ж балелi ногi, калi давялося за тое "наша" прастаяць цэлую гадзiну на каленях. Нiчога добрага для Тарэскi не варажыў Сымонаў погляд. Зьненавiдзеў ад таго часу малы хлапец яшчэ больш ня толькi Тарэску, але i ўсё, што яна й ёй падобныя рэпрэзэнтавалi.
VI
Чытач, якi знаёмы з абставiнамi жыцьця прыгнечаных беларускiх сялян пад польскай акупацыяй, што мо на сваёй скуры перажыў панскае панаваньне, добра павiнен ведаць мэтады гаспадараньня польскiх паноў i асаднiкаў ды адмiнiстрацыi ў прамежку мiж Першай i Другой сусьветнымi войнамi. Цi-ж льга забыцца ўсю тую смуту, застрашваньне, эксплуатацыю й панiжэньне, якiя былi спадарожнiкамi польскiх акупантаў? I хiба-ж чытач не сьмяяўся-б, калi-б мы спрабавалi вобразна паказаць, як наш малады гэрой сам усьвядомiўся сацыяльна й нацыянальна? Гэткiх рэчаў ня было й быць не магло. Поўнае сацыяльнае й нацыянальнае ўсьведамленьне магло прыйсьцi адно збоку. Дапамогай была беларуская школа, царква, свае гурткi, арганiзацыi. Толькi яны маглi паказаць беларусам дарогу зь цямнiцы, у якую заперлi палякi.
Але цi-ж пачне хто цьвердзiць, што беларусы былi поўнасьцю нясьведамыя навет пры адсутнасьцi сваiх школ, сьвятыняў i грамадзкiх iнстытуцыяў? Школы й гурткi свае былi-ж зараз пасьля вайны, калi народ пачаў быў будаваць незалежную дзяржаву. Адно ўжо пасьля палякi iх паступова зьлiквiдавалi. Старэйшыя ўсё гэта помнiлi. I калi часам некаторыя не маглi выказацца, якой яны нацыянальнасьцi, а паводле веравызнаньняў дзялiлi сябе на "рускiх" i "польскiх", то ўсё-ж поўнасьцю ведалi адно, што яны былi "тутэйшымi", значыцца, гаспадарамi, а ўсё, што было ў школе, царкве цi касьцёле, - гэта чужое, прынесенае тымi, што запрэглi iх у ярмо. Эканамiчныя, палiтычныя й духоўныя эксплуататары беларусаў былi вечным аб'ектам iх насьмешак, казак i жартаў. Расейскi поп, польскi ксёндз i пан былi, як правiла, асноўнымi гэроямi насьмешлiвых i кусьлiвых жартаў, што нязьлiчонай колькасьцю кружылi ў народзе. У тых насмешках, жартах i казках народ знайшоў найлепшую зброю супраць акупантаў. На iх узгадоўвалiся й бедныя сялянскiя дзеткi й моладзь, бо ведама-ж, што людзi ў маладым веку найбольш цiкавяцца казкамi й анэкдотамi. Гэта была мо адна страва, якой пакрыўджаны народ кармiў i ўзгадоўваў маладое пакаленьне й якую не маглi забаранiць нi польскiя ксяндзы цi паны, нi верныя Маскве папы.