Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 187
К Акула
V
Хутар Сымонавага бацькi межаваў зь вялiкiм фальваркам польскiх ваенных асаднiкаў, братоў Жарноўскiх. Цi раз малы хлапец, пасучы кароў на вузкiм папары, прыглядаўся, што рабiлася ў асаднiкаў каля хаты й на полi. Тое, што бачыў, навет малому ў ягоных гадох кiдалася ў вочы. Там i жыта было больш рослае й буйнейшае, чымся ў навакольных сялян, там ярчэй залацiлася й ямчэй пад лёгкiм подыхам ветру згiналася цяжкакалосная пшанiца, адтуль вецер дыхаў вострым пахам цьвiтучай буйнай грэчкi, там ярчэй i весялей зелянiўся авёс, там каровы былi сыцейшыя й поле раўнейшае. А што й гаварыць ужо аб вялiкiм кавалку рослага гонкага лесу, у якi цi раз Сымону даводзiлася бегаць крадкам зьбiраць баравiкi й падасiнавiкi. На полi ў Жарноўскiх наёмны пастушок даглядаў вялiкае стада кароў. Лёгка было яму пасвiць: жарцiкi - травы вунь колькi, ды яшчэ якой! Гэта не тое што Сымонавы каровы (нiколi больш чым за дзьве зь цялушкаю ня было) вечна голага папару ў бочную ярыну цi сенажаць мецiлi.
Хутка наядалiся каровы Жарноўскiх (было заўсёды пару дзесятак), i пастушок заганяў iх апаўднi ўлетку ў вялiкую загарадзь каля хлявоў на добрых пару гадзiн. Iнакш было з Сымонам. Папробуй адно - заганi, дастанеш ад бацькi там, дзе балiць. Дарма што каровы на папары пацелi й ледзь маглi ад рою аваднёў сяк-так адбаранiцца. Бацька наказваў хлопчыку, каб трымаў як найдаўжэй: мо дзе якую лiшнюю травiну знойдуць. Адно напаiць дамоў ганяць даводзiлася. Мацi часьценька й даiла ўдзень на полi, хоць i малака таго было як кот наплакаў. Даiлi-ж аж тры разы, каб хоць лiшнюю кропельку выцiснуць. Адкуль-жа малако, калi не ставала пашы?
У Жарноўскiх дастатку было - хоць адбаўляй: i кароў, i коней, i сьвiней, i ўсякiх свойскiх птушак, а зямлi - мусiць, гактараў за сотню ды самай ураджайнай. Ня дзiва, што маглi пастуха за шэсьць пудоў жыта ды пару ботаў на лета наймаць цi жнеек цэлымi дзесяткамi... У час жнiва на вузкiх сялянскiх навакольных палосках тырчалi жаночыя хусткi-адзiночкi, а ў асаднiкаў - цэлая грамада ў распачатым хвасьце кiшэла. Дружныя маладыя дзявочыя галасы жнiўнымi песьнямi на цэлую ваколiцу на заходзе сонца гудзелi.
Увосень i зiмою браты Жарноўскiя са стрэльбамi на паляваньне хадзiлi. Сабак паляўнiчых мелi некалькi. Ды хадзiлi ня толькi па сваiм, але й па навакольным сялянскiм. Хто-ж iм мог забаранiць? Яны-ж - паны i "владза". Мусiць, i стрэльбы тыя маглi адно да "лепшых" i багацейшых належаць мяркавалi суседзi.
Меў адзiн Жарноўскi малую дзяўчынку, званую Тарэскай, што з Сымонам у адным клясе вучылася. Вучанiца зь яе была слабая, адно вопраткай вырозьнiвалася на цэлую школу. У яе сукеначкi й пальтачкi з новенькага й крамненькага былi, ня так, як у iншых: з хатняга саматканага ды яшчэ з латамi на латах. Зьнелюбiў Сымон Тарэску ад самага пачатку. Прычынаю была, мусiць, тая "панскасьць" i "лепшасьць", хоць малы Спарыш адчуваў усё тое падсьведама. .
Калi Тарэска аднойчы йшла ў школу вытаптанай паўз мяжу Спарышовага хутара сьцежкай, то хлапец адважыўся i, падбегшы, шырока раськiрэчыўшы ногi, загарадзiў ёй дарогу. Ня тое каб адважыўся. Ня было-ж каго баяцца. Баржджэй наважыўся, чым адважыўся.