Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 186
К Акула
Вiкцi-ж пашанцавала й замуж выйсьцi. хаця й надта позна. Неяк, панёсшы ў мястэчка на продаж яйкi, трапiла яна на вока Антку Вiткоўскаму. Якая-ж вялiкая была старой дзеўцы радасьць, калi "каляяж", па колькiх месяцах знаёмства, пасватаўся. Дый ня ведалi ў вёсцы напэўна, цi пасватаўся ды калi тое сталася, адно зьдзiвiлiся, як Вiкця выйшла за Антка замуж. Дарма што разьведалi й разьнюхалi, што Антак кiнуў першую жонку, што пасьля доўгi час жыў напавер з жыдоўкай, што быў нячэсны чалавек i вялiкi крутадух, для Вiкцi быў гэта чалавек, мусiць, цi ня з самага неба пасланы. I гаварыў адно па-польску, а гэта ў Вiкцiных вачах было вярхамi ўсiх вярхоў. Нарэшце старая дзеўка стала сапраўднай шляхцянкай, хоць мо крышку i ў гнаi задрыпанай. Антак па нейкiм часе й "калею" пакiнуў, дарма што Вiкцi надта тое не падабалася. Прыйшоў да цясьця ў хату й пабудаваў на ўзгорачку кузьню ды час-часам й на полi тое-сёе памог. Каваль зь яго быў нiякаваты, дый браў даражэй за iншых. На доказ свае заавансаванасьцi цi прагрэсу Антак паказваў сялянам, што ён не карыстаўся звычайным кавальскiм мяхом, як iншыя, а разьдзьмухоўваў вугальле ветрачком, наганяным вялiкiм колам з ручкаю. Вiкцiн Антак вызначаўся сярод мясцовых тым, што рэдка стыкаўся дома, найбольш валачыўся ў суседняе мястэчка, дзе, як маўлялi, круцiўся з рознымi бабамi.
Першага сынка свайго назвала Вiкця Чэсем i старалася выгадаваць зь яго добрага палячка й шляхцiца. У адным была бяда: сама ня ўмела ня толькi пiсаць й чытаць, але й добра "пшэкаць".
Чэсю мiнула ўжо гадкоў пяць. Заўсёды i ўсiм цiкавая старэйшая Агата праходзiла неяк вулiцай, i слаба чуткае вуха ейнае ўлавiла на Вiкцiным панадворку нейкiя гукi. Гэта "шляхцянка" гутарыла з малым Чэсем. Яна калупалася зь кiёчкам у свiным вядры, а малы стаяў збоку й церабiў раскудлачаныя валасы.
- Чэсю, свэньдзi глуўка? - пытала матка.
Малы маўчаў.
- Чэсю, свэньдзi глуўка, свэньдзi, аж цярэбiць.
Як пачула Агата гэтае "свэньдзi, аж цярэбiць", дык на той-жа самы дзень сама палавiну вёскi абегла. А там яно ўжо маланкай па цэлай вёсцы разышлося. Як "шляхцянка" сына на палячка вучыла - гэта-ж сьмеху людзям было - хоць ты адбаўляй. Так i празвалi ад гэтага часу Вiкцю "свэньдзi, аж цярэбiць", бо на тую "глуўку" дык неяк i язык людзкi цяжкавата было ламаць.
Сымон i той не дараваў. Калi ранiцою ў нядзельку "пшэкi" - Янiна, Вiкця, Чэсь i часамi Антак - iшлi ў касьцёл, выбягаў на вулiцу й пускаў iм услед: "Чэсю свэньдзi, аж цярэбiць!", "Чэсю свэньдзi, аж цярэбiць!" Яно сабе як Антак iшоў паўз хату, дык малы Спарыш i сябры ягоныя крышку асьцерагалiся з тым "свэньдзi", але ўжо-ж спаганялi, бывала, лахву, калi йшлi адно жанчыны з Чэсем. Чуць не на кiлямэтр беглi за "пшэкамi" ззаду й "свэньдзiлi" так, як адно дзецi патрапяць гэта рабiць.
Так малыя вясковыя беларусы, i не апошнi ў iхнiм лiку Сымон, вучылiся адрозьнiваць чужое й старэйшымi высмейванае ад свайго любага й дарагога, наноснае - ад мясцовага, штучнае - ад натуральнага.