Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 185

К Акула

- Как нужна сказаць?

- Сначала.

- Харашо, садзiся.

Кляса з палягчэньнем уздыхнула. Ад гэтага часу малацьбiтовага Хведзьку празвалi "пачанаткам", i мянушка прылiпла да яго ў школе на цэлы час. Сымон, што надта любiў вучыцца мовы, часьценька думаў пра тое "сначала", якога нiдзе навокал - анi дома, анi на вулiцы нiколi ня чуў. Гэтак побач польскай мовы беларускiя дзеткi калечылiся й расейшчынай з дазволу й зь ведама тых-жа самых акупантаў.

Калi настаўнiца аднойчы аб'явiла, што ад гэтага часу ня толькi на лекцыях, але й на перапынку дзецi павiнны паслугоўвацца адно польскай мовай, хiба-ж ёй i ня сьнiлася, што нялёгка выкаранiць беларушчыну. Толькi пры гутарках з настаўнiцай карысталiся дзецi польскай мовай, а ў гутарках мiжсобку - цi то ў клясе, цi на перапынках - i ня думалi. Увядзеньне-ж польскае мовы на лекцыях праваслаўнае рэлiгii яшчэ больш зьбiла сялянскiх дзетак з панталыку, хаця й да гэтага часу былi яны зьбянтэжаныя расейшчынай.

IV

У вёсцы, хат дзесяць воддаль ад Сымонавага бацькi, жыла сям'я каталiкоў Грынiцкiх. Рыгор Грынiцкi быў малазямельным; жыў на чатырох гактарах малаўраджайнае зямлi. Гадоў яму было за шэсьцьдзесят, i даўно-даўненька быў удаўцом. Меў дзьве брыдкiя дачкi: адной - крышку менш, а другой ужо пераскочыла было за саракоўку. Нiводнай не пашанцавала з замужжам. Рыгор кешкаўся дзень i ноч, апрацоўваючы свае чатыры гактары, ды шкадаваў, што некалi Бог не даў яму сына. Абабiтая белай шалёўкаю хата ўжо ладна ўрасла ў зямлю, на дзiркатай страсе раслi сабачыя грыбы й там-сям па калiве травы, а гнаёўка з-пад хлявоў летам падбiралася аж пад сьцены хаты. Пасьля дажджу цяжкавата было дабрысьцi праз забалочаны панадворак да Рыгоравых дзвярэй. Бяда сьвяцiлася i ў пазапiханых анучамi вокнах, i ў перагнiлым ужо, пахiленым набок плоце, й на неўрадлiвым пясчаным полi.

Адылi дочкi лiчылi сябе нейкай шляхтай (мусiць, таму, што былi каталiкамi), значыцца, згодна лёгiкi акупанта, - i палякамi. Ды як яшчэ тым ганарылiся! Дарма што ўсюды сьвяцiлася бяда, гэта-ж яны як-нiяк ды належалi да лепшых людзей, калi ўжо не да паноў цi падпанкаў, дык ня былi-ж i мужыкамi, а шмат лепшымi за iх. А чым лепшымi й iншымi былi яны ад навакольных беларусаў пэўна-ж, i не патрапiлi-б вытлумачыць.

Шляхоцкасьць сваю абедзьве дэвоткi старалiся звычайна дэманстраваць ранiцою кожнае нядзелi, калi, апрануўшы, што мелi найлепшае, ды скомкаўшы чаравiкi пад пахамi, мясiлi босымi нагамi вулiчную гразь, каб не спазьнiцца ў аддалены на пяць кiлямэтраў касьцёл. Хiба што вялiкая непагода стрымлiвала iх у хаце. Iнакш ня было Божай нядзелькi, каб старэйшая Янiна й малодшая Вiкця сядзелi дома.

- Гляньце, гляньце, вось ужо й "пшэкi" ў касьцёл пруць! - сьмяялася цi адна вясковая жанчына, спасьцярогшы старых дзевак на вулiцы. Хто й калi падгледзеў, як Янiна аднойчы ў касьцёле трымала дагары нагамi малiтоўнiк i шаптала нешта, малпуючы iншых, цяжка было дайсьцi. Адно бабскiя языкi, раз асмакаваўшыся тэмай, пачалi дадаваць ад сябе й размалёўваць. Смеху й гутаркi было на доўгi час.