Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 184

К Акула

Хаця дзяк, акрамя царкоўнай славяншчыны, стараўся гаварыць i вучыць па-расейску, усе дзецi гаварылi на лекцыi й адказвалi па-беларуску, так, як умелi з дому. Ужо пазней, два цi тры гады перад вайною, польскае мiнiстэрства асьветы загадала, каб i на лекцыях праваслаўнае рэлiгii ўжывалася адно польская мова.

Гутарачы па-беларуску, дзеткi чулiся неяк сьмялей, быццам дома, хоць i ня ведалi, што прычынаю ўсяму была родная мова. Дзяк-жа й сам добра ня ведаў расейскае мовы ды быў дзiўны й меў свае капрызы.

У малодшай клясе адбывалася лекцыя, тэмай якой было тварэньне сьвету. Аднавокi дзяк апытваў вучняў, як паўстаў сьвет.

- Ну, вот ты там, - тыцнуў пальцам у самага рослага ў клясе Хведзьку, сына Сьцяпана, што меў собскую малатарню ды абмалочваў усе навакольныя вёскi, скажы, как Бог сатварыл сьвет.

Хведзька быў найтупейшым вучнем у клясе. Шмат хулiганiў, рэдка слухаў, што гаварылi настаўнiкi, i мала калi што ўмеў. Так i цяпер ён не заўважыў-бы даўгога, ськiраванага ў яго дзяковага пальца, калi-б сусед не штурхануў у бок. Прыпадняўся паволi i ўталопiўся ў дзяка.

- Ну, гавары! - налягаў аднавокi.

- Што гаварыць?

- О так, значыць, ты i не слыхал! Чэм-жа занiмаешся? Хто паўторыць, што я пытаўся? - Дзякава вока хутка павандравала па тварах усяго кляса. Паднялося некалькi рук.

- Вот ты скажы, - тыцнуў дзяк пальцам у хлапчука з трэцяй лаўкi.

- Ты пытаўся, як Бог рабiў сьвет, - адказаў той.

- Як то ты на мяне кажаш "ты"? - пачырванеў дзяк. - Як трэба абрашчацца да старшых?

- Вы...

- Ну садзiсь.

Дзякава адно вока зноў уталопiлася ў Хведзьку.

- Чаго-ж стаiш? Атвiчай, как Бог сатварыл сьвет!

Хведзька пераступiў з нагi на нагу, упiўся зрокам у павыразаныя ножыкам наверсе лаўкi розныя выкрунтасы, быццам там стараючыся знайсьцi адказ, кiнуў левым вокам на суседа й нясмела пачаў:

- Спачатку была ноч i цьма й нiчога...

- Как, как? - спынiў яго дзяк, бусьлiнымi крокамi мераючы ўшыр i ўдоўжкi клясу.

- Спачатку была ноч...

- Как ты гаворыш? Какое "спачатку"? Как нужна сказаць?

Малацьбiтоў сын зьбянтэжыўся. Дарма моршчыў лоб. Ня ведаў, як сказаць "спачатку" ня толькi, мусiць, ён, але й бальшыня ўсiх вучняў, бо ўсе прыцiхлi, быццам тыя мышы ў нары перад наблiжэньнем ката. Сачылi, што будзе далей.

- Ну атвiчай, атвiчай! Чаго выпяцiў глаза, как дурак! У мяне на лбе не напiсана.

- Спачанатку нiчога не было... - пачаў Хведзька.

- Какой яшчэ "пачанатак"? Што з табой?

Кляса замёрла. Усе думалi, як яно мае быць: "пачатак" цi "пачанатак".

- Спачанатку была ноч...

- Глупы ты "пачанатак"! - узлаваўся аднавокi дзяк. - Гавару, што не так, а ты сваё. Как нужна сказаць, хто знает?

Зьбянтэжаныя вучнi разглядалiся навокал. Як-жа магло быць, калi не "спачатку" й не "спачанатку"? Толькi адна рука паднялася да адказу ва ўсiм клясе. Належала яна Лабаковай Жэнi, брат якой быў ведамым на цэлую ваколiцу камунiстам, шмат гадоў праседзеў па вязьнiцах i дома ды наогул усюды часьценька гаварыў па-расейску.