Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 183

К Акула

- Поведз, як се называш?

Сымон зьбянтэжана й нiчога не разумеючы пазiраў то на чужую, злосную, здавалася, жанчыну, то на матку.

- Як се называш? - паўтарыла настаўнiца й сагнулася так, што рудыя вочы апынулiся на ўзроўнi хлапчуковага носа.

- Якса называш... - паўтарыў зьбянтэжаны малы.

- Вучыцелька пытаецца цябе, як завешся, - тлумачыла сыну матка.

- Ну, скажы.

- Сымон, - асьмелiўся малы.

- Шымон? - перапытала настаўнiца. Хлапец нiчога не адказаў. - То iдзь, Шымон, i сядай тутай, - загадала настаўнiца, узяўшы малога за руку й садзячы на самай першай лаўцы, насупраць свайго стала. Сымон сеў i баяўся паварушыцца на месцы, сочачы за незнаёмай жанчынай i не разумеючы амаль нiчога зь ейнай гутаркi. Толькi тады крышку пасьмялеў, калi прынесла кавалак паперы й кавалак алавiка ды загадала маляваць сабачую будку. Па некаторым часе асьмелiўся навет зiрнуць направа й налева i, праверыўшы, што небясьпека зьнiкуль не пагражае, узяўся за маляваньне. Гэтак пачалася Сымонава навука ў польскай школе.

Ня мог прыпомнiць, колькi было яму гадоў, калi ў вёсцы польскiя ўланы праводзiлi манэўры. Не разумеў тады, што такое гэнае "манэўры", але так усе старэйшыя называлi той вялiкi рух людзей у зялёным, што адбываўся навокал. Было тое, мабыць, пад восень, бо добра ўцямiлася хлапцу, як уланы абтрэслi й да апошняга яблычка падабралi ўвесь iхнi й суседнiя сады, патапталi агароды, панiшчылi дабро на палях. Даводзiлася бачыць, як цягалi снапы аўса з поля на корм для коней, чуць, як бацька злосна праклiнаў панаяжджаўшых, апранутых у зялёнае людзей, як сварыўся зь iмi i як гэта нiчога не памагала. Усе тыя людзi гаварылi таксама незразумелай для Сымона мовай. Ужо тады малы адчуваў, што нейкiя чужыя крыўдзяць ягонага бацьку i ўсiх у вёсцы. Ужо тады i ён пачаў iх за гэта ня любiць.

Хлапец заўсёды быў першым вучнем у сваёй клясе. Меў неабмежаваную прагавiтасьць да навукi. Скончыўшы чатырохгодку, прасiў бацьку, каб паслаў яго ў пятую клясу ў блiжэйшае мястэчка. Настаўнiца таксама радзiла Сымону прадаўжаць навуку. Пятую й шостую клясы скончыў самым першым вучнем з узнагародамi. Адзiн раз атрымаў блвакнот, iншы - пяро-самапiску. Вельмi-ж тым ганарыўся. Але дзьверы да далейшае навукi й дарога ў сьвет былi зачыненыя.

У мястэчку вучылася ў старэйшых клясах сямiгодкi шмат палякаў. Былi гэта дзецi вакольных панкоў, асаднiкаў, чыгуначнiкаў i ўраднiкаў. Усе яны, амаль бяз выключэньня, не важна як вучылiся, пасьля сканчэньня шостае клясы йшлi ў гiмназiю. Навука ў сярэдняй школе каштавала шмат грошай, якiх Сымонаў бацька нiколi ня мог-бы здабыць. Ясным было для хлапца, што ягоныя й самыя лепшыя ацэнкi ня былi тут дапамогай. Вучыўся той, хто меў грошы, а яны ўсе чамусьцi былi ў палякаў. Тут-жа, на перашкодзе, стаяла й веравызнаньне й нацыянальнасьць.

III

Вучыць праваслаўнай рэлiгii ў вясковую школу кожны панядзелак прыяжджаў з адлеглае на шэсьць кiлямэтраў царквы аднавокi дзяк. Быў гэта чалавек гадоў звыш сарака, адзiн з тых беларусаў, што разам з царкоўшчынай пашыралi сярод народа й расейшчыну, уважаючы, мусiць, што й Бог хутчэй паслухае, калi зьвяртацца да яго ў чужой мове. Прыяжджаў у школу на самакаце.