Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 182

К Акула

II

Пасажыры павольна хадзiлi па палубе, заглядалi ва ўсе закануркi старога мараплава, сачылi за рутыннай працай матросаў, прыглядалiся хвалям i птушкам, гаманiлi аб тысячы й адной розных дробных справаў;

Задуманы Сымон стаяў, абапёршыся на агароджу борту, i дзесьцi блудзiў зрокам удалечы. Лёгка-шумнае мора, журботны крык чаек i раўнамерны рух мараплаву нараджалi ў юнацкай галаве цi мала думак. Жыцьцё, як яго бачыў хлапец, было няцiкавае й невясёлае. Даўно абыякавасьцю апранулiся ягоныя пачуцьцi. Як мараплаў цяпер плыў у нейкi чужы Нэапаль, у новую прыстань, так, выдавалася яму, плыла й вялiкая, страшная хваля жыцьця. Хтосьцi аднекуль кiраваў гэтай хваляй, вызначаў ейны бурлiвы ход да нейкай мэты. Ён, Сымон, быў несены ёю мiма сваёй волi, кiданы з аднаго канца Эўропы ў другi. Вось хваля тая хутка выкiне яго на незнаёмы бераг, там падхопiць iншая ды з новай сiлаю панясе далей у няведамасьць, i так, здавалася, будзе без канца. Ня быў гаспадаром самога сябе, не загадваў курсам жыцьця й лёсу, а даўно ўжо стаў часткаю нейкай вялiкай, бяздушнай, жахлiвай пражорлiвай машыны. Яна дыхала агнём i жалезам, харчавалася смерцю й калецтвам, нiшчыла слабое й бездапаможнае, крышыла-папялiла ўсё па дарозе.

Дык i што з таго было Сымону, што сяньня пакiнуў ззаду Марсэль, а заўтра пабачыць Нэапаль? Цi-ж iтальянская зямля магла быць для яго больш гасьцiннай, чымся француская? Або што яму з таго, што цяпер задарма падарожнiчае па Мiжземным моры? I цi-ж дарма? Цi-ж ня прыйдзе дзень, калi крывёй давядзецца заплацiць за такое падарожжа? Дзе-ж была тая крынiца надзеi й веры ў нешта вялiкае, лепшае, да чаго чалавек iмкнецца й што трымае яго пры жыцьцi? Да чаго цяпер мог iмкнуцца Сымон, ня будучы гаспадаром самога сябе й трапiўшы ў шэрагi людзей, якiх даўно навучыўся ненавiдзець за iхныя зьдзекi над беларускiм народам? Цi льга было адгадаць, што нясе будучыня?

Даўно ўжо мiнула пяць гадоў ад часу, як Сымон, тады яшчэ чатырнаццацiгадовы школьны хлапчук, жыў пад польскай акупацыяй. З успамiнаў, што захавалiся ў галаве адносна акупанта, стараўся цяпер угадаць, як выглядае польская ўлада, войска й паны на чужыне. А ўспамiнаў гэтых было - хоць адбаўляй. Надзвычайна добра прыгадваў усё з раньняга дзяцiнства, лепш мо навет, чымся тое зь недалёкай мiнуласьцi.

Вось, прыкладам, першы дзень у школе.

Даўно карцiла Сымону ў школу. Будынак быў па суседзтву, i хлапец вечна то тырчаў на школьным панадворку, то падслухоўваў пад кляснымi дзьвярыма. Сачыў i слухаў, што робяць дзеткi. Зайздросьцiў iм i шкадаваў, што так паволi расьце ды яшчэ яму не пара з большымi ў школу. Кожны дзень выпытваў матку, калi-ж яна нарэшце пашле яго на навуку. Ажно прыйшоў доўгачаканы дзень.

Матка, трымаючы босага Сымона за руку, прывяла яго ў клясу. Настаўнiца ўталопiлася ў дзiця, зiрнула на босыя бруднаватыя ногi, зрэбныя сiнiя порткi з працёртымi ўжо каленямi, саматканую кужэльную сiнюю й даволi зашмальцаваную кашулю й спынiла свае вострыя, быццам цьвiкi, рудыя вочы на пакрытым рабацiньнем твары. Правай рукою пагладзiла вялiкую на Сымонаў век галаву й спытала: