Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 181

К Акула

Пасьля шасьцiдзённага адпачынку ў Авiньёне група ў лiку 418 чалавек накiравалася ў Марсэль, дзе затрымалася ў транспартным абозе блiзка порту Пару дзён пазьней прыехала з Авiньёна яшчэ 200 чалавек. Выходзiць у горад было забаронена. Забiвалi час гульнёю ў карты. На зьведаньне гораду мала было ахвотнiкаў. Ня ведалi мовы, ня мелi грошай. Нiхто не жадаў валачыцца бяз мэты. Чакалi на выезд.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

БЭРЛIН-ЦЬВIЗЭЛЬ-НЭАПАЛЬ-БАЛЁНIЯ

КЛЯЙМО НЯЧЫСЬЦIКА

I

Вялiкiя прасторы пустога адкрытага мора заўсёды натхняюча ўзьдзейнiчаюць на чалавека. Якi прастор! Якая вольнасьць! Якая магутнасьць! Зрок ваш блудзiць па шэра-блакiтных цi зеленкаватых бурлiвых хвалях i, не знаходзячы пункту апоры, мiмаволi паведамляе розуму пра велiч i бязьмежнасьць бачанага. Мо першы раз у жыцьцi вы бачыце мора цi акiян i ня можаце наглядзецца. Яно вас паглынае, усочвае ў сябе. Яно - вольнасьць, яно - уздым, яно - магутнасьць! Вы адрываецеся ад рэчаiснасьцi, забываецеся, што, будучы на борце мараплава, усё яшчэ зьяўляецеся часткаю людзкога й цывiлiзаванага. Блудзiце зрокам туды, дзе амаль незаўважна край мора зьлiваецца з прасторам неба. Захапляецеся стыхiяй бязьмежнае, здаецца, вады й паветра i ўяўляеце, што вы таксама частка яе. Калi вы здольныя глыбока думаць i марыць, то забудзецеся аб фiзычным iснаваньнi й станеце часткаю неабсяжнага мора, часткаю вольнае, магутнае прыроды.

Ня дзiвiцеся, калi паэт, сутыкнуўшыся зь вялiкiм прасторам мора, гойдаючыся дзесь на мараплаве, адкоцiць такi ёмкi верш цi паэму, што вы нiколi й не падазравалi-б яго ў такiх здольнасьцях. Мора - яго натхненьне. Ён-жа абавязкова пад тым вершам цi паэмай i зазначыць, што напiсана на Атлянтычным цi iншым акiяне, дый не забудзецца аб даце, каб ведалi, маўляў, што ён быў там i што магутныя воды маюць i на яго такi самы творчы ўплыў, як на сотнi й тысячы iншых слаўных папярэднiкаў - тварцоў мастацкага слова.

Ня дзiвiцеся, калi пачуеце, што мора мае й гаючыя ўласьцiвасьцi. Цi адзiн духова змучаны й скалечаны чалавек знойдзе ў мерных i шумных марскiх пералiвах бальзам, што гоiць духовыя раны, дапамогу ў турботным жыцьцi, раўнавагу духовае трываласьцi, знойдзе надзею й пабачыць зарысы лепшае будучынi.

Але мора - гэта перадусiм стыхiя, сiла. Неабмежаваная, нявычарпальная. Яно ад бяспамятных часоў нiшчыла, крышыла й тапiла на сваiм шляху ўсё слабое, бездапаможнае. Нязьлiчоныя разы было загубай для чалавека. Тапiла ягоныя заакiянскiя экспэдыцыi, руйнавала ўзьбярэжную маёмасьць i здабытак. Чалавек нарэшце знайшоў сродкi бясьпечнага падарожнiчаньня па моры, але нiколi не пакарыў яго неабмежаванай сiлы.

Сымон, едучы з Марсэлю ў Нэапаль мараплавам разам са сваймi сябрамi, першы раз быў на моры. Перад вачыма задумлiвага юнака разьлёгся новы, вялiкi й бязьмежны сьвет. Цiхае зеленкаватае Мiжземнае мора дыхала магутнасьцю, вольнасьцю. Лёгкi паўдзённа-заходнi вецер часаў грывы хваляў, асеньнiм халадком перакачваўся й разгульваў па шурпатай гладзi. Чарада чаек шнурам цягнулася ў хвасьце за мараплавам, манатонным i сумным крыкам наганяючы нейкую тугу й журботу.