Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 180

К Акула

Цягнiк з таварнымi вагонамi, перапоўненымi "палякамi", пакiнуўшы Бэзансон, накiраваўся праз Доль, Дыжон i Валенцыю ў Авiньён, што ляжыць у дэльце Роны, блiзка на поўнач ад Марсэлю. Iншым разам чалавек мог бы захапляцца хараством вiнаградных палёў ронскай далiны, жахнуцца, убачыўшы зьнiшчэньнi Дыжона й iншых спадарожных гарадоў. Цяпер усё было ахутана пакрывалам абыякавасьцi. Голад, нядоля й няволя прытупiлi рэакцыю на ўсё чутае й бачанае. Апатыя да жыцьця зьяўляецца адзiнай меркай перыяду iснаваньня, калi нармальна ня жывецца й не адчуваецца.

VI

Польскi транзiтны вабоз у Авiньёне меў адно заданьне: працай вайсковае мiсii, што трымала кантакты з камандамi хаўрусьнiцкiх сiлаў у паўдзённай палавiне Францыi, зьбiраць усiх грамадзян былой Рэчы Паспалiтай, так цi йнакш трапiўшых пад нямецкiя вайсковыя штандары, i накiроўваць iх у Iталiю ў Другi корпус, што ўваходзiў у Восьмую брытанскую армiю. Акрамя людзей з нямецкiх фармацыяў, вайсковая мiсiя старалася вербаваць i iншых палякаў на тэрыторыi Францыi. Вабоз быў адно зборным i перасыльным пунктам. Ня было тут анi дакладнага медыцынскага агляду, анi выдаваньня вайсковай вопраткi, анi вайсковых заняткаў. Людзей зьбiралi, кармiлi, у выпадку патрэбы давалi медыцынскую дапамогу i адсылалi мараплавамi з Марсэлю ў Нэапаль.

У абозе былi выгодныя баракi, кухнi, лазьнi, прасторны пляц, што пад восеньскiмi дажджамi замянiўся ў жыдзенькую жаўтаватую калатушку, ды - цi не самае найважнейшае - вялiкiя канцылярыi, што гулi сотнямi галасоў, вечна пульсавалi жыцьцём бесканечнае ракi народу. Харчы былi добрыя. Праежджыя адпачывалi тут, нiчога не рабiлi, адно памалу загойвалi фiзычныя раны.

Якiх там толькi людзей i тыпаў не давялося бачыць! Перадусiм - вопратка. Шмат было апранутых па-цывiльнаму. Iншыя дзесьцi й аднекуль, мо яшчэ зь перад вайны, захавалi ведамыя чатырохрожныя шапкi, званыя рагатоўкамi. Надта сьмешнымi выглядалi яны для непрывычных вачэй. Вялiзная колькасьць, мо больш паловы, насiла нямецкую вайсковую вопратку. Былi некаторыя ў амэрыканскiх i брытанскiх "батледрэсах". Акрамя польскае мовы, чуваць было найбольш беларускай i ўкраiнскай. Не ўсе хавалiся са сваёй мовай i нацыянальнасьцю. Хiба-ж i вайсковая мiсiя й каманда Другога корпусу ў Iталii ня ведалi, што амаль палова насельнiцтва перадваеннай Польшчы была беларусамi i ўкраiнцамi? Дык i цяпер мусiлi талерантна адносiцца да моваў i нацыянальнасьцяў.

У Авiньёне нашы гэроi прабылi цэлы тыдзень. За гэты час адпачылi й фiзычна пахарашэлi. Чысьцiлi, мылi, латалi, вылежвалiся ў сухiх i цёплых чыстых пасьцелях або хадзiлi па абозе й зьбiралi навiны.

На трэцi дзень пасьля прыезду сустрэлi пры санiтарным пункце Вiктара Сянькевiча й Касiновiча - двух сяброў з групы Грамыкi. Узрадавалiся iм, як братам, тым больш яшчэ, што ад iх здабылi весткi аб частцы колiшняй афiцэрскай школы, што перайшла да макiсаў. Была надзея, што зноў усе зьбяруцца ў кучу, хоць ужо на iтальянскiм беразе.