Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 178

К Акула

Людзей налезла, як селядцоў. Паветра было цяжкое, пахла цьвiльлю. Сымон i Вiктар вобмацкам знайшлi пустое месца на вялiкiм круглым камянi. Угадвалi, што быў гэта млыновы камень. Тут-жа побач яго намацалi вялiкае драўлянае кола. Усё гэта сьведчыла, што падвал некалi служыў млыном.

- Вот, братка, будзе табе сяньня пасьцеля, - гаварыў упоцемку сярод цiхага агульнага гоману Вiктар.

- Адно, што на галаву капаць ня будзе. Што й гаварыць - высьпiмся па-людзку.

- Яшчэ-б! Бяда вось адно, што нiчога пасёрбаць не далi. Кiшкi марш граюць.

- Весялей, брат, будзе спаць.

- I што, ты думаеш, з намi будзе?

- Вось дзiвак, яшчэ пытаецца. Усё добра будзе. Ты сягоньня памножыў шэрагi палякаў, дык яны цяпер аб табе й клапацiцца будуць.

Удзень яшчэ, адразу пасьля прыезду ў Форт Брэвiль, "палякi" даведалiся, што ў хуткiм часе маюць быць добраахвотна высланыя ў польскую армiю ў Iталiю.

- Так, гэта я ведаю. Мяне цiкавiць толькi, як яно там тое польскае войска выглядае, - мяркаваў Вiктар.

- Нейкi-ж там цяпер у iх маршалак цi "вудз начэльны" ёсьць. I, пэўна-ж, такiмi, як мы, "патрыётамi" заапякуецца.

- Чорт пабяры, але-ж, брат, i цьвёрда. Нiколi-ж не даводзiлася яшчэ на каменi спаць, - жалiўся Вiктар, паспрабаваўшы прылегчы i не зьвярнуўшы ўвагi на саркастычную нотку ў Сымонавым адказе.

- Але ты ведаеш, - цягнуў сваё Спарыш, - нашы дарогi, мая з тваёй, значыцца, мусiць, нiколi не разлучацца. Гэта-ж я думаў, як нас там пад Альткiрхам разлучылi ды паслалi ў iншыя вакопы, што мо прыйдзе якая завiруха й згубiмся. Ажно не. Мусiць, ужо нам лёс вызначыў быць усюды разам.

- Або як мы некалi ўмовiлiся ўцякаць у горы, - прыпамiнаў Вiктар, - i ты пайшоў, а я не. То ты пасядзеў на гары й вярнуўся. Iзноў дарогi чуць не разлучылiся.

- Даволi дзiўна злажылася. Вiдаць, што й будучыня ў нас супольная. Давай, брат, ужо трымацца разам, што-б нi было.

- Трымалiся ад пятае клясы, дык чаму-б цяпер ня трымацца. Але-ж, брат, i мулiць гэты камень, чорт-бы яго пабраў!

- Гэй, сусед! Сусед! - клiкнуў Сымон у курiнку агню папяроскi, што мiгаў упоцемку. - Хто гэта? Ты, Дудкевiч? Дай i мне пару разоў смактануць, хоць вусны папячы.

- Нiчога, браток, ужо не пацягнеш. Дастаў во сам на ногаць даўжынi тут ад аднаго збоку, - тлумачыў Дудаевiчаў голас, - адно слiнькi засталiся.

Дзесьцi з кутка, спачатку цiха, а пасьля галасьней, дрыгаючы, заiкаючыся й захлынаючыся ў агульным бубненьнi людзкiх галасоў, прыбегла да вушэй якаясьцi песьня аб Касi й Ясю.