Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 109

К Акула

Мiкула быў арыштаваны адным зь першых, зараз-жа пасьля пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дэпартаваны ў канцлягер каля Карльсругэ, прабыў там больш месяца, а пасьля быў адасланы ў Дахаў. У лiку нязьлiчоных тысячаў iншых ахвяраў дахаўскiя газавыя крэматорыi спапялiлi й Вiталiя Мiкулу добрага чалавека, выдатнага беларуса й высокаквалiфiкаванага афiцэра, якiх у беларусаў было так няшмат.

Шырока вядомым ёсьць сярод iншых народаў абразок, як адзiн немец адпраўляў свайго сына ў войска. Казаў бацька юнаку: "Сынок, калi трэба будзе загiнуць за Нямеччыну, iдзi наперад сьмела. Памятай, аднак, каб вораг дорага заплацiў за тваё жыцьцё. Бо ня будзе для твайго бацькi большай крыўды, а для народу большае няславы, калi ты загiнеш задарма".

Шмат беларускiх афiцэраў, а перадусiм адзiн з найвызначнейшых зь iх капiтан Вiталi Мiкула - не загiнуў у Дахаў задарма. Адылi страта для беларускага народу была надта балючай.

III

З дванаццатай роты дзьвюмя групамi накiравалi немцы ў канцлягеры дванаццаць чалавек, у iх лiку й ведамага чытачу Мулагу. Зброю й iншае вайсковае знарадзьдзе загадалi пакiнуць у роце. Дазволiлi забраць толькi па адным коцу й прылады да ежы ды вопратку й абутак. Новыя нявольнiкi былi завезеныя ў лягер каля Карльсругэ, дзе будавалi новую чыгунку. Спалi ў канюшнi, елi раз у дзень, гадавалi вошы й ледзь валачылi на працы ногi. У гэтым лягеры была вялiкая група, звыш тысячы рэпрэсаваных з трыццатае дывiзii. Былi сярод iх расейцы, немцы, татары, iншыя азiяты, пераважна ўзбекi, што некалi трапiлi ў трыццатую дывiзiю зь нямецкага палону. 80 працэнтаў усiх складалi беларусы.

ГРУПА ГРАМЫКI Ў МАКIСАЎ

I

Сяржант Грамыка мог быць добрым загадчыкам канюхоў, добрым сябрам i нядрэнным жаўнерам, але, як выявiлася пасьля на шкоду цэлае групы дванаццатае роты, што адыjшла ад немцаў у ваколiцы мястэчка Клерваль i якую мы ад гэтага часу будзем называць групай Грамыкi, з; яго быў дрэнны камандзер.

Каманду-ж яму даверылi ранiцою пасьля тае ночы з 31-га жнiўня на 1-га верасьня, калi больш паўсотнi былых кадэтаў, сяк-так задрамаўшы на ўзбоччы гары, задаволенымi былi, што нарэшце разьвiднела й можна будзе неяк рухацца далей. Сяржант Грамыка быў найстарэйшы векам (меў 37 год) i рангам. Выбар яго на камандзера быў зусiм лягiчным.

Група йшла краем лесу, усё больш адыходзячы ад галоўнае дарогi. Дзень быў хмарны, але дождж перастаў яшчэ над раньнем. Пастаноўлена было шукаць кантакту з французамi. Вычувалася нейкая крыўда да тых сяброў з дванаццатай роты, што не пайшлi разам у горы, а засталiся зь немцамi. Адылi ня было часу крыўдаваць, а трэба было думаць аб сабе, перадусiм-жа аб забясьпечаньнi будучынi, здабыцьцi нейкай пэўнасьцi, грунту пад нагамi. Маршыравалi аж да гадзiны другой па абедзе, выбiраючы лягчэйшыя сьцежкi й дарожкi ды асьцярожна сочачы, цi ня вiдаць якой вёскi. Пазнаходзiлася больш сяброў, што давалi аб сабе знаць адзiночным стрэлам уверх. Ежы ў групе ня было нiякай, але зброi хапала. Была ў кожнага стрэльба, два кулямёты, былi й гранаты. Па абедзе назьбiралася звыш сямiдзесяцi чалавек.