Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 107

К Акула

Пасьля пераходу сяброў да макiсаў, гутарак з афiцэрамi й частага ўжываньня пудзiла Сталiна тыя, што засталiся ў дванаццатай роце, не варажылi сабе добрае будучынi. Шматлiкiя чакалi, што немцы яшчэ пакажуць свой акрываўлены жалезны кулак. У якой форме ён выявiцца - цi ў форме працоўных лягероў, цi экзекуцыяў - дагадваўся, як хто мог. Ня было нiчога пэўнага, й кожны стараўся адганяць ад сябе найбольш чорныя думкi. Гэта было надзвычайна цяжка.

Калiшняя весялосьць роты, што вынiкала зь сьвядомасьцi ейнай сiлы, аснованай на салiдарнасьцi, што цi раз ужо была дэманстраваная й вытрымала iспыты перад немцамi, беспаваротна зьнiкла. Рэшткi адзьдзелу ўзышлi на самы небясьпечны адрэзак вандроўнага шляху. Небясьпечным ён быў таму, бо былi перакананымi, што ня мiнуць iм кары з боку немцаў, дый нiчога парадзiць, каб запабегчы таму, не маглi. Трэба было аддацца волi лёсу й спадзявацца найлепшага.

Калi-б вучнi колiшняе афiцэрскае школы БКА ведалi поўную сытуацыю, былi-б яшчэ больш трывожнымi. Хаця да вушэй даходзiлi такiя-сякiя весткi аб пераходах да макiсаў iншых адзьдзелаў з трыццатае дывiзii, мала хто навет дагадваўся аб разьмерах дэзэрцыяў. У катлавiне ракi Дуб, пачынаючы ад Монтбэльярд i Бэльфорт, сягаючы на поўначы да Бэзуль i на захадзе на Доль, па дарогах i чыгунках пасоўвалiся, гэтым разам ужо на ўсход, элемэнты трыццатае дывiзii. Амаль ня было дня, каб з таго цi iншага адзьдзелу людзi не далучалiся да французаў. Дэзэрцыi сталiся масавымi. Але пераходы малых групаў былi нiчым у параўнаньнi з пераходам цэлага трэцяга батальёну, што пакiнуў немцаў на захад ад Бэзансону, непадалёк Доль. Фактычна й нельга сказаць, што пакiнуў немцаў, бо большасьць нямецкiх афiцэраў была беларусамi зьлiквiдаваная. Камандны склад трэцяга батальёна ў бальшынi складаўся зь беларусаў. Пераход да французаў быў плянаваны й добра арганiзаваны.

РЭПРЭСII Й АХВЯРЫ

I

Немцы заўважылi сваю памылку запозна. Палягала яна ў накiраваньнi трыццатай дывiзii ў Францыю. Беларусы хутка спасьцераглi, хто iхныя хаўрусьнiкi, й не хацелi ваяваць побач гiтлераўцаў. Найбольш дзiвiла немцаў тое, што за выключэньнем колькiх арганiзаваных пераходаў ня менш людзей уцякала ў горы малымi групкамi. Значыцца, бязь нiякага кiраваньня, без падказваньня зьверху, зусiм без агiтацыi людзi пакiдалi вайсковыя шэрагi. Выглядала, што думка была агульная. Пагражала небясьпека, што калi-б затрымацца адзьдзелам трыццатае дывiзii ў Францыi даўжэйшы час, дык бальшыня пяройдзе да макiсаў. Трэба было думаць аб контрмерах.

У iнтарэсе немцаў было, каб адцягнуць адзьдзелы трыццатае дывiзii з Францыi ў Немяччыну. Гэта якраз супадала з плянамi камандаваньня. З-пад Марсэля пасоўвалася амэрыканская армiя, у складзе якое быў першы францускi корпус г. зв. Вольнай Францыi. Стратэгiчна для абароны найбольш прыдатным быў хрыбет Вагезаў i францускiх Альпаў. Трэба было ўмацаваць, абсадзiць войскам далiну ракi Дуб, раёны ад Дэль на швейцарскай мяжы й праз Бэльфорт на поўнач. Гэта мела быць абаронная лiнiя перад Рэйнам. Такiм чынам трыццатую дывiзiю трэба было адцягнуць у Эльзас, якi немцы лiчылi Нямеччынай.