Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 111

К Акула

Надыйшлi днi вандроўкi. Пераходзiлi з аднаго месца ў другое. Францускiя праваднiкi - лучнiковыя вадзiлi беларусаў па лясах, хаваючы iх ад нямецкiх вайсковых адзьдзелаў. Адна вёска не магла пракармiць столькi людзей доўгi час. Вадзiлi таму па розных вёсках, прычым у бальшынi выпадкаў беларусы ў вёсках зусiм не паказвалiся, а начавалi дзесь па суседзтву. Удзень, ведаючы, што немцаў навокал няма, людзi сьмялелi, заходзiлi навет у хаты, дзе даставалi гарачыя стравы. Як маглi, так старалiся паразумецца з французамi на мiгi. Колькi кiлямэтраў зрабiлi беларусы пад час тае вандроўкi - цяжка сказаць. Хадзiлi начамi й днямi, але ў асноўным круцiлiся па тых самых мясцовасьцях.

III

Асноўная сутычка беларусаў зь немцамi адбылася зусiм неспадзявана. Было гэта ў вёсцы, дзе начавалi ўжо пару дзён. Перад абедам французы сабралi цэлую групу на вулiцы й пачалi пералiчваць. Мелi выдаваць яду. Гэта адбывалася напрыканцы вёскi. Зусiм неспадзявана з-за загiбу вулiцы паказаўся нямецкi "тыгр", а за iм яшчэ некалькi. Нямецкiя танкiсты, пабачыўшы групу людзей на вулiцы ў нямецкай вопратцы, падумалi, што натрапiлi на свой адзьдзел, i першы танк звольнiў. Думалi, магчыма, што ад сваiх удасца здабыць якiя-небудзь iнфармацыi.

Беларусы-ж ведалi, што гэта не "свае", i ў першы момант вельмi здзiвiлiся, якiм гэта чынам немцы змаглi незаўважаныя пераехаць праз цэлую партызанскую вёску й так неўспадзеўку злавiць iх на вулiцы. Вiдаць было, што макiсы часьценька рабiлi тое-сёе бяз самых элемэнтарных мераў асьцярожнасьцi. Магчыма, што камандзер мясцовага iхняга зьвяна быў больш аматарам, чымся жаўнерам.

Думаць было некалi. Усё, што жывое й мела здаровыя ногi, кiнулася наўцёкi. У баку гораў быў высокi мураваны плот, якi трэба было пераскокваць. Як яго ўдалося пераскочыць, мала хто памятаў. Людзi ня беглi, а проста ляцелi. Зараз-жа за вёскай была высокая й стромая гара. Туды ўсё й накiравалася. Трэба было перабегчы шырокi луг. Танкi адкрылi агонь, але ў нiкога не трапiлi. Колькi чалавек, схаваўшыся за муры будынкаў, спрабавалi адбiцца гранатамi. Немцы, дадумаўшыся, што гэта партызанская вёска, пачалi бiць па ёй з гарматаў. Знiшчылi сем хат. Беларусы не маглi ня толькi змагацца наагул, але навет баранiцца. Што-ж мелi зрабiць з чатырма стрэльбамi супраць танкаў?

На суседняй гары прасядзелi рэшту дня й цэлую ноч. Усе французы паўцякалi зь вёскi. Ужо на другi дзень ранiцою павялi беларусаў у iншую мясцовасьць.

Група Грамыкi вычувала, што наблiжаецца фронт. Хадзiлi адно начамi й мусiлi быць шмат больш асьцярожнымi. Увесь раён, па якiм блукалi, воджаныя й укрываныя макiсамi, быў вельмi лясiсты й гарысты. Пагода, на вялiкае шчасьце, трымалася добра. Рэдка былi дажджы, й часьцей выглядала сонца.

Адно пачалi дакучаць вошы. Доўгiмi гадзiнамi, калi не было пагрозы ад немцаў, былыя менскiя кадэты займалiся вынiшчэньнем дакучлiвага ворага. Адны, здзеўшы кашулi, клалi iх на камень i бiлi другiм камянём зьверху. Другiя-ж знаходзiлi большую забаўнасьць, палюючы па швах i па рубчыках.