Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 108

К Акула

Каб спынiць уцёкi беларусаў у Францыi, трыццатая дывiзiя была абяззброеная. Працэс арыштаў афiцэраў i абяззброеньня дывiзii цягнуўся больш тыдня ў пачатку верасьня. Галоўная хваля арыштаў афiцэраў адбылася зараз пасьля арганiзаванага пераходу да французаў трэцяга батальёну. Дзеяньне было скаардынаванае па ўсiх раськiданых на вялiкiх адлегласьцях адзьдзелах. Вывезьлi iх перш у лягер за Рэйн, пасьля ў канцэнтрацыйны лягер у Дахаў. Даносчыкi, iнтрыганты й звычайныя нелюдзi мелi тут важкае слова. Найбольш шкоды беларусам прынесьлi расейцы, што былi абселi вярхi каля палкоўнiка Зiглiнга.

Амаль па ўсiх адзьдзелах карысталiся немцы выпрабаванай тэхнiкай раззбраеньня. Звычайна людзям, якiя мала што падазравалi, хаця й былi неспакойныя, загадвалася перад абедам цi перад вячэрай вычысьцiць зброю й паставiць яе цi то ў роўныя шэрагi, цi ў копкi, у залежнасьцi, дзе гэта адбывалася - на полi цi ў абозе. Калi жаўнеры, паабедаўшы, вярталiся ад кухнi, зброi на папярэднiм месцы не знаходзiлi. Часьцей маглi навокал заўважыць узброеныя нямецкiя палiцыйныя адзьдзелы. Гэткiм чынам абкружаныя, яны чакалi са страхам i трывогаю, пакуль камандзеры павыбiраюць часьць людзей для адпраўкi ў Нямеччыну на нявольнiцкую працу. Вялiкая маса беларусаў трапiла гэткiм чынам на будову вакопаў на другiм баку Рэйна, у Дахаў, на будовы чыгунак, на фабрыкi й iншыя варштаты нявольнiцкай працы гiтлераўскага Райха.

II

Капiтан Вiталi Мiкула быў узяты немцамi й расейцамi на вока ад часу той памятнай эльбiнскай канфэрэнцыi. Вучнi калiшняй менскай школы БКА бачылi яго апошнi раз на цягнiку, калi падарожнiчаў адным эшалёнам разам зь iмi з Усходняй Прусii ў Францыю. Ужо пасьля, калi шматлiкiя наважылiся ўцякаць да макiсаў, кадэты шкадавалi, што ня было пры iх капiтана Мiкулы, якi змог-бы пакiраваць i павесьцi. Нiхто зь iх ня ведаў аб лёсе шэфа штаба Беларускае Краёвае Абароны. Капiтан Вiталi Мiкула быў, зараз пасьля прыезду ў Францыю, назначаны камандзерам зьвязу ў першай роце шостага батальёна. Ротай камандаваў немец, а заступнiкам ягоным быў расеец. Гэтак Мiкулу спiхнулi на камандзера адзiнкi, якой мог бы, у выпадку неабходнасьцi, камандаваць старэйшы падафiцэр.

Мiкула, спасьцярогшы сваю дэградацыю, стараўся неаднаразова навязаць кантакт зь Беларускай Цэнтральнай Радай або штабам БКА. Адылi, пасьля шматлiкiх захадаў, прыйшоў да выснаву, што яго наўмысьля старалiся iзаляваць ад беларускай вайсковай верхавiны, тлумачылi, што ня ведаюць, дзе ёсьць БЦР i штаб БКА, ды давалi iншыя ўнiклiвыя адказы. Гэткiм чынам, капiтан Мiкула ня мог прабiць варожае яму сьцяны Зiглiнгавага штабу трыццатае дывiзii. Расейцы дбалi, каб гэты перадавы й адзiн з найвыдатнейшых беларускiх афiцэраў i патрыётаў, раз трапiўшы ў пастку, ня ўцёк зь яе.