Читать «Змагарныя дарогi (на белорусском языке)» онлайн - страница 110

К Акула

На ўскраi лесу пярэднiя заўважылi вёску, i ўсё спынiлася. Пачалi радзiцца, што рабiць. Трэба было разьведаць, цi ў вёсцы ёсьць немцы. Воддаль чуваць быў грукат аўтамашын. Няведама было таксама, як да беларусаў аднясуцца французы. Самае-ж горшае - у групе Грамыкi ня было нiводнага чалавека, што добра ведаў-бы францускую мову. На вялiкае шчасьце, па некалькi словаў ведалi Лабун i Рак. Супольнымi сiламi яны маглi-б неяк паразумецца. Iх i выбралi для навязаньня кантакту. Разам з Грамыкам накiравалiся ў вёску, а група заняла баёвыя становiшчы на ўскраi лесу й чакала больш гадзiны.

- Вiдаць, што французы надта-ж асьцярожныя. Пакуль абмацваюць ды пытаюць, - камэнтаваў Дзежка, паглядаючы ўсё на рог хаты, за якiм ужо даўненька схавалiся тры фiгуры сяброў.

- А можа, нiкога дома няма? - адазваўся iншы.

- Слушна кажаш. Можа, у цэлай вёсцы нiкога няма дома. Вось башка твая зварыла.

- Калi ў хуткiм часе ня вернуцца, бадай, давядзецца нам iсьцi шукаць iх.

- Няйначай.

З-за кута крайняй хаты, адлеглай ад занятых групай пазыцыяў ня больш чымся на трыста мэтраў, паказалiся тры вайсковыя фiгуры ў суправодзе двух цывiльных. Яны хутка прыблiжалiся. Усе iшлi спакойна, адно Лабун махаў правай рукою, паказваючы на ўскрай лесу, пасьля далей назад, недзе на небакрай, мусiць, стараючыся французам расказаць, адкуль прыйшлi беларусы.

Французы зь вялiкай асьцярожнасьцю, але й з задаваленьнем прынялi беларусаў да сваёй сям'i змагароў супраць супольнага ворага. Двух цывiльных, што паўголасам заменьвалiся мiж сабою незразумелымi словамi, завялi ўсю групу ў даволi вялiкую будынiну непадалёк вёскi й сказалi чакаць, пакуль не прынясуць ежы. За паўгадзiны прытарабанiлi дзьве скрынi з хлебам i сырам. Былыя менскiя кадэты надта былi радыя, што нарэшце быў пастаўлены першы крок, зьвязаныя першыя нiткi з новым сьветам. Тым часам сама сьведамасьць таго, што чалавек сядзеў пад страхою ў сухiм месцы й мог што-небудзь улажыць у пусты жывот, падбадзёрыла й падтрымала не аднаго з iх.

II

Хутка пасьля навязаньня кантакту з макiсамi Грамыка згадзiўся аддаць французам зброю. Узамен за гэта французы забавязалiся кармiць i трымаць беларусаў у бясьпечных месцах аж да прыходу амэрыканцаў. Гэта сьведчыла, што мясцовыя адзьдзелы макiсаў не плянавалi нiякiх важных ваенных дзеяньняў у задах нямецкага фронту, бо калi-б што хацелi рабiць, пэўна-ж, людзi былi-б iм патрэбныя ў вялiкiх колькасьцях.

Гэткая ўмова Грамыкi выклiкала ў групе вялiкую буру. Французы пакiнулi толькi чатыры стрэльбы й некалькi гранатаў. Некаторыя лiчылi гэта поўнай капiтуляцыяй. Былi цяпер на ласцы й няласцы ў францускiх партызанаў. Найгорш балела тое, што зрабiў гэта добраахвотна ўсiмi выбраны чалавек, якому даручылi свой лёс. Выявiлася ў далейшым, што Грамыка ня здольны быў да нiякага кiраваньня. Некаторыя беларусы падазравалi французаў, што з прыходам амэрыканцаў яны мелi намер аддаць iм беларусаў як сваiх палонных.