Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 82

К Акула

- Прабачце, мiстар капiтан, трымайце зрок на гарызоньце, а рукi на рулi!

Дружна зарагаталi.

- Гаворачы пра той ўiкэнд... я згаджаюся на плаваньне, тэнiс ды вандроўкi ў лесе...

- Добра, - сказаў Алесь, - мы будзем займацца тваiмi гобi... Знаю там яшчэ аднаго заядлага рыбака. Праўда, ён любiць рыбачыць iз натхненьнем i ў адзiночку. А так агулам гэта надта таварыскi чалавек.

- Хтосьцi мне знаёмы?

- Пазнаёмлю цябе i спытаюся яго, якой ён думкi.

- Думкi пра што?

- Пра цябе, мая даражэнькая.

- Ого як! Да чаго ты мяне рыхтуеш?

- На гэта будзе адказ пазьней.

- А хто такi той чалавек?

- Ты ўжо зь iм знаёмая, хоць не асабiста. Чытала яго творы. Антон Шпак.

- Я вельмi рада буду бачыць яго! - радасна сказала Вера.

Алесь уважна паглядзеў на дзяўчыну, крыху зьдзiўлены такой выказанай радасьцю бачыць беларускага пiсьменьнiка.

- Ведаеш, што я люблю добрую бэлетрыстыку. Ты-ж мне пазычаў Шпакавы кнiгi. Жывых пiсьменьнiкаў я не спатыкала. Мяне цiкавяць гэтыя людзi: як яны запраўды жывуць, паводзяць сябе ў таварыстве, наагул цi практычныя яны, цi толькi ўмеюць фантазiраваць, тварыць розныя пэрсанажы й сюжэты...

- Дык вось аднаго такога пазнаеш. Праўда, ёсьць адно пытаньне да цябе: цi наняць для цябе асобную будку, цi як?

- Наймi памешканьне, дзе ёсьць дзьве спальнi.

Алесь паглядзеў уважна на Верын твар. Цi яна так яму давярала, што згадзiлася начаваць пад адной страхой, цi можа, - не, гэтага нiяк нельга дапусьцiць, - ён выглядаў у яе вачох нейкай авечкай?

Вера старалася ўтрымаць раўнавагу. Наапошку яна ведала тое, чаго так дамагаўся Капшун. Сустрэне чалавека, ацэнiць яго, даведаецца як i з чаго ён цяпер жыве ды неўзабаве дасьць Капшуну поўную справаздачу. Спадзявалася, што на гэтым скончыцца ейнае заданьне цi мiсiя. Пара ўжо. Трацiла цярплiвасьць, слухаючы розныя дакоры з боку нуднага Капшуна, хацела высьлiзнуць спад ягонае дысцыплiны. Даволi. Магчыма цяпер, калi ўжо наклёўвалася зусiм памыснае завяршэньне таго заданьня, будзе мець магчымасьць сканцэнтравацца на гэтым дзяцюку. Кахала яго. Усьведамiла гэта поўнасьцю пасьля тае спрэчкi ў парку.

26

Прыехалi ў рэсорт Пайн Рыдж пасьля паўдня. Парыла, заносiлася на буру. Алесь шкадаваў, што ня ўставiў у свой Олдсмабiл ахаладжальнiка. Як толькi паставiлi аўтамашыну, Алесь запрасiў Веру ў рэстаран.

- Глянь, гэта-ж цудоўнае месца! - усклiкнула захопленая дзяўчына. - I чым тут людзi займаюцца?

- Яны зарабляюць на жыцьцё растратай сваiх грошай, - адказаў дзяцюк.

- Гэта надзвычайны занятак, толькi грошы трэба мець.

У рэстаране было няшмат людзей. Алесь разгледзеўся, прывiтаўся са знаёмымi. Селi за стол у куце.

- Замовiш мне вялiкую мiсу марожанага, а я пайду асьвяжыцца, - устала Вера.

Алесь выцер сабе спацелы дагэтуль лоб. Разглядаўся, цi няма дзе навокал Шпака. Як прыемна тут, дзе паветра штучна ахалоджвалася, пасьля парнасьцi, якая гаспадарыла на дварэ!

- Гало, Мэры! - прывiтаў Алесь таўставатую i нiштаватую з выгляду дзеўку, каторая працавала тут i кэльнэркай i кухаркай. - Як-жа тваё цэннае здаровейка?