Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 81

К Акула

У прыгожы сонечны дзень малебен адбыўся ў гаi на фарме аднаго з суродзiчаў недалёка гораду, Алесь знаёмiў Веру з усiмi прысутнымi. Гэта лёгка йшло на пiкнiку, дзе адбывалiся розныя гульнi й танцы. Вера спасьцерагла зь якой пашанай ягоныя суродзiчы адносiлiся да Алеся, што й спрычынiлася да ўважлiвых гасьцiнных адносiнаў да яе. Нядаўныя iмiгранты, калi даведалiся, што яна ў Канадзе радзiлася, хвалiлi яе за тое, што добра пабеларуску размаўляла. Калi-б выбiралi прыгажуню пiкнiку, Веры напэўна трапiў-бы вянок на галаву.

Пытаньнi: дзе яна радзiлася? Як гэта яна так прыгожа пабеларуску гаварыць навучылася? Цi яе бацькi навучылi? Хто яны? Што яна думала пра старую беларускую, абаламучаную камунiстамi iмiграцыю?

Алесь памагаў Веры, як мог, а сама дзяўчына ветлiва й асьцярожна старалася адказваць на шматлiкiя пытаньнi. Спасьцерагла, што магла-бы iлгаць зь вялiкай лёгкасьцю. З боку гэтых зычлiвых i гасьцiнных "новых Канадыйцаў" не заўважыла нiякiх намёкаў на падазронасьць. Тут-жа наверсе, дэманстрацыйна цьвiла шчырасьць i сяброўства. Адразу залiчылi яе ў сваю грамаду. Дзяўчыне цяжка было сьцямiць, што гэтыя людзi зрабiлi-б зь ёй, калi-б ведалi пра ейную запраўдную так званую мiсiю. Цi магло гэта быць, што гэтыя наскрозь, як вока бачыць, шчырыя й гасьцiнныя добразычлiвыя людзi некалi былi фашыстоўскiмi забойцамi-калябарантамi, катамi собскага-народу, а цяпер ёсьць страйкбрэйкарамi, як некалi ўлажыла ў ейную галаву савецкая прапаганда?

- Як-бы табе падабалася правесьцi канец тыдня са мной у прыгожым рэсорце? - спытаўся ў Веры Алесь па дарозе ў горад.

Дзяўчына ўважна глядзела Алесю ў вочы, як-бы там хацела прачытаць ягоныя намеры. Пытаньне-ж няштодзённае.

- Ня ведаю. Раскажы, што за рэсорт.

- Да Пайн Рыдж даехаць займае, не сьпяшаючы, тры гадзiны часу. Мой сябра ёсьць уласьнiкам рэсорту. Вельмi прыгожае месца над ракой у пушчы. Добра адпачываецца пасьля шуму й бруднага гарадзкога паветра. Калi-б ты захацела для сябе цэлы катэдж, магла-б быць праблема, але...

- А што там рабiць?

- Рыбачыць, плаваць, па пушчы валачыцца, у тэнiс гуляць, адным словам...

- Цудоўна, - сказала дзяўчына. - Ты-ж ведаеш як я люблю прыроду.

- Любiш больш, чым мяне? - жартаваў Алесь. На дарозе аўты рухалiся звольненай скорасьцю, адно амаль у прытык да iншага, як звычайна бывае гэтта калi жыхары ў нядзелю над вечар вяртаюцца з адпачынку недзе на прыродзе.

- А хто табе сказаў, што я цябе люблю? - Вера лёгка таўханула дзяцюка пад бок.

- Стой, зважай! - сур'ёзна крыкнуў Алесь. - Я вось капiтан гэтага карабля i мы плывём з хуткасьцю трыццацi мiляў у гадзiну ўцiснутыя шчыльна ў мора iншых караблёў, напоўненых закаханымi людзьмi.