Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 80

К Акула

Капшун занёс лiст у паштовую скрынку й быў задаволены, што галава нарадзiла новы плян. Ня мог-жа правалiць сваей найлепшай нагоды. Стукне гэтых фашыстаў на ўсе застаўкi!

25

Пасьля тае непаладкi зь дзяўчынай у парку, Алесь часта думаў пра тое, што так магло ўквялiць Веру. Выглядала яна цяпер надта дзiўнай i цяжка было разгадаць, што было ззаду ўсяго гэтага.

Алесь вырас у грамадзтве, насычаным недаверамi й падазрэньнямi, каторыя пасеялi ворагi-чужынцы для сваiх акупацыйных мэтаў. Людзi паволi адкрывалi адзiн аднаму свае сэрцы дый былi змушаныя трымаць, для свае бясьпекi, "языкi за зубамi". Уплыў вольнага, дэмакратычнымi традыцыямi прасякнутага, грамадзтва, дзе панавала поўная вольнасьць слова згодна правоў дзяржавы, мела свае дабратворныя вынiкi. Адылi мiнулае не хацела здавацца цяперашняму ў палон. Захавалася абаронная асьцярожнасьць, - у асноўным звычайная пратэкцыя супраць усякае так званае вонкавае iнвазii. А гэнае нутраное "сьвятое сьвятых" мела яшчэ адну бясьпечную запруду, якая адкрывалася адно для выбраных.

Вера блiзкая i Вера далёкая... Алесь намацваў розьнiцу. Цi ў яе галаву розныя палiтрукi напхалi шмат чырвонага, камунiстычнага? Сьвет, у якiм дзяўчына гадавалася, Алесю быў слаба ведамы, уяўляўся адно ў вельмi няясных рысах. Алесь лiчыў Веру ўжо надта блiзкай асобай, каханьнем зьвязанай зь iм, а ўсё-ж доступу да ягонага "сьвятога сьвятых" яна яшчэ ня мела. "Выварачваць сваю душу", як часта некаторыя людзi гаварылi, Алесь адвучыўся ў часе вайны, калi падпiльноўвала цябе цi адна небясьпека. "Сьцеражонага Бог сьцеражэ!" Яно-ж так было куды бесьпячней нават тут, за акiянам, бо аж сюды - ды яшчэ як учэпiста! - сягалi шчупальцы праклятага, крывi прагнага, актопуса, якi адэптаваў сабе будучыню як ягоны й нiчый iншы iмпэратыў. У той будучынi ён вырашыць канчаткова ўсе людзкiя сацыяльныя, матар'яльныя i духовыя праблемы, якiх чалавек ня мог палагодзiць пачынаючы ад прапрапрабацькi Адама.

Цяжка было даверыцца Веры, хоць дзяцюк ужо спанатрыў, што сустрэўся зь нечым новым, ягонай усёпаглынаючай сiлай. Каханьне ўжо завязалася, расло, разгаралася, ахоплiвала ўсю ягоную iстоту. Так, яно ўжо iм завалодала. Цiкавiла яго, чаму дзяўчына хацела ведаць i колькi разоў прост-напраст дамагалася, каб расказаў ёй, што й дзе рабiў падчас апошняе вайны. Цi гэта звычайная людзкая цiкавасьць блiзкай, каханай асобы, цi што iншае? Самае-ж галоўнае, - чаго пазьней Алесю давялося цi раз шкадаваць! - яму ў галаву нiяк тады ня прыйшло. Чаму-б яму было тады не зрабiць таго элемэнтарнага, значыцца, як ураднiкi казалi - "навесьцi спраўку", проста пастарацца даведацца пра гэту дзяўчыну ўсё асноўнае: хто яна, адкуль, чаму i як тут апынулася, чым яшчэ займаецца i iншае?

Тымчасам яна была вось тут, пад рукой, пад ягонымi загадамi. I быццам недасягальная. Часамi сумная, задуманая. У часе працы iхныя сьцежкi спатыкалiся. На тым прывабным твары зьяўлялася казённая ўсьмешка. Дзяўчына трымалася неяк на адлегласьцi, хоць была ветлiвая i ў выкананьнi службовых абавязкаў бездакорная. Памiж iмi вырасла нейкая нябачная перагародка i, як спасьцярог Алесь, сталася тое зь Верынай волi. Аднойчы ранiцай Алеся прыемна зьдзiвiла тое, што Вера сустрэла яго сваёй шырокай сонечнай усьмешкай i першая пачала размову, быццам мiж iмi нiколi й нiчога прыкрага ня было. Загадка. Як вытлумачыць такую раптоўную перамену? На працягу колькiх дзён такая халадэча, а тут... раптам... Што гэта такое? Хутка адбудавалiся масты. Дзяцюк запрасiў Веру на нядзельны пiкнiк.