Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 78

К Акула

Спачатку далi яму малаважныя заданьнi. Заўважыўшы ягоны гарт i адданасьць, падкiнулi большае. Некалькi гадоў падарожнiчаў па вялiзнай краiне, арганiзаваў "рабочыя клубы", быў сябрам экзэкутывы гэных клюбаў. Прынялi ў партыю, далi новыя заданьнi палiтычна-грамадзкага характару.

Не павязло яму з матрымонiяй. Жонка, рашчараваная мужчынам i ягонымi "задачамi", пакiнула яго. Капшун жартаваў, што такiм чынам трапiў "у бабылi". Цяпер, пасьля гадоў цярплiвага чаканьня й натугаў, выглядала, што "дзела йшло на новы пад'ём". Заданьне паралiжаваць Шпака было найважнейшым з усiх, якiя яму дагэтуль давалi.

Калi-б спытацца Капшуна, куды i як высока хоча ён залезьцi па драбiне ўлады, напэўна заiкнуўся-бы з адказам. Дзесьцi там у iмгле апанаванай камунiстамi Канады чакала функцыя пры каманьдзе гэтай новай "народнай дэмакратыi". Вось яно як... Тымчасам трэба "усердие и бдительность на вахте революции"...

Пасьляваенны прылiў "фашыстоўскiх iмiгрантаў", што нейкiм чынам уцяклi ад савецкага "правасудзьдзя" й пакараньня, стварыў паважную небясьпеку для камунiстычных плянаў апанаваньня Канады. Трэба паралiжаваць iхныя намаганьнi дызiнфармацыi капiталiстычнай канадыйскай вярхушкi й народу пра мiралюбную палiтыку Савецкага Саюзу. Гэта было ясна, як дзень. Пра гэта гаварылася на партыйных i грамадзкiх сходах, гэта скланялася на ўсе лады, паўтаралася шмат разоў пры розных нагодах.

У агульных плянах акцыi супраць гэтых "фашыстаў", у iх лiку й "беларускiх буржуазных нацыяналiстаў", - гэтага атрэп'я сумленнага й баявога, гэраiчнага народу, - фiгуравала розная зброя. Насамперш ужывалася прапагандовая доўбня, ужо даўно i зь немалымi посьпехамi выпрабаваная i загартаваная ў баёх майстрамi цэнтру. На павадку, за галоўнымi гарматамi, валачыўся шантаж i, у выключных выпадках, адпаведны фiзычны гвалт. Розных спэцаў вызначылi-прыдзялiлi-прыляпiлi да ўсякiх "фашыстоўскiх" групаў; а Капшуну, далi ягоную "родную" - беларускую. Галоўны прыцэл загадалi трымаць на "фашыста" Антона Шпака. Ягоны моцны голас натхняў усiх гэтых "фашыстоўскiх падонкаў". Ён - iхны фэтыш. Закрыць яму рот!

Мiнула ўжо нейкiх шэсьць месяцаў ад вiзыты тэй важнай асобы з аттаўскае амбасады. Усе спробы паралiжаваць Шпака правальвалiся. Чалавек змагаўся i адбiваўся. Больш таго: ён атакаваў. Во - гэта працiўнiк! Такога Капшун раней на лапаткi не палажыў. Злосьць бушавала! Цяпер нават ня ведаў, куды той Шпак перабраўся. А гэтае, - каб яе чорт менш насiў, - дзяўчо, што яно робiць? Чаму так доўга рапарту няма? Капшун нэрвова хадзiў па сваiм пакоi, праклiнаў тое ды гэна, падняў трубку тэлефону й набраў нумар. Пасьля колькiх званкоў у трубцы пачуўся заспаны жаночы голас.

- Што табе так доўга заняло? - рэзкiм голасам навалiўся Капшун.

- А табе што, як быку прырупiла?