Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 76

К Акула

Два тыднi пасьля Шпакавага пераезду, зьявiўся Алесь. Правялi разам цэлы вечар. Дзяцюк заўважыў, што пiсьменьнiк быццам ачуняў ад нейкае ўдушлiвасьцi, павесялеў, папаўнеў у твары. Пры шклянцы брэнды, якую Алесь прывёз, Шпак гаварыў пра свае заняткi, пiсанiну. Не плянаваў тымчасам нiчога большага, адно артыкулы ў сувязi з так званай соцрэалiстычнай падсавецкай беларускай лiтаратурай. Дзесьцi ў будучынi пiсьменьнiк абяцаў заняцца апавяданьнямi. Назаўтра ранiцай, за рулём аўтамабiля па дарозе назад у горад, Алесь быў задаволены, што так удала ўладзiў пiсьменьнiка. Быццам адплылi некуды далёка i свае турботы ў сувязi зь дзяўчынай i iншымi справамi бiзнэсавай працы.

24

Лiвень за вакном спынiўся, але Капшун таго не спасьцярог. Пры яркiм сьвятле настольнае лямпы, у мяккiм крэсьле, смокчачы даўно пагаслую люльку, ён яшчэ ня выкараскаўся з чытаньня Шпакавай сэрыi артыкулаў у "Беларусе". Калi-б Шпак не атаўбаваўся з процiлежнага боку барыкады, Капшун павiншаваў-бы яго. Чаму-ж не? Якое майстэрства мовы, якая аргумэнтацыя! Аўтар валодаў майстэрствам выдатнага мастацкага нарысу, дзе нiцi людзкога здаровага пачуцьця спалучалiся iз струнамi духовасьцi, дзе вастрыё сатыры ў руках генiя паралiзуе ўсю нехлямяжую балбатню-прапаганду гнiлой сыстэмы. У Шпака атака супраць крывадушнага тырана перапляталася iз спачувальным шкадаваньнем калiшнiх блiзкiх сяброў i вялiкiх патрыётаў паняволенага народу, якiх так цi накш прымусiлi лiзаць маскоўскiя азадкi...

Капшун часам пiсаў соцрэалiстычна-прапагандовыя фэльетоны п. заг. "Между нами говоря" ў мясцовую "рабочую газетку", любiў чытаць выдатных майстроў сатыры. У горадзе меў выгадную пазыцыю пры фiрме "Славянская Кнiга", што здабыла лiцэнцыю ад "Совиностранторг" для перасылкi тавараў у "краiну, якая, - згодна словаў Мiкiткi Кукурузьнiка, - у недалёкай будучынi ўжо пабудуе камунiзм". Лiцэнцыя гэна - добрае карытца, пры якiм можна чэсным сваiм людзям пражыць i нават пажывiцца, ды ў кiшэнi "суайчыньнiкаў", што пасылалi на бацькаўшчыну сваяком пасылкi, залезьцi. Iншая праца Капшуна вымагала адмысловага падыходу. Беларускiя бебурнацы, - каб на iх безгалоўе! - вось-жа махровыя фашысты, не здаюцца, яшчэ агрызаюцца! Калi Капшун некалькi месяцаў назад узяўся адлучыць iхнага лiдара Шпака ад грамадзкага беларускага жыцьця, або пранамсi спаралiжаваць ягоную руку, здавалася што заданьне лёгкае, як плюнуць. Справа простая: аслабiць яго фiзычна, пазбавiць працы, давесьцi да галечы мясцовага вулiчнага валацугi. Во як! Будзе нягоднiку крышка! Гнiлое капiталiстычнае "сословие" тут яму, Капшуну, якраз на руку! Прынамсi так меркаваў.

Шпак, здавалася, упаў. Ды не, няпраўда. Iншы даўно здаўся-бы, але ня гэты. Бамбардаваньне рознымi лiстамi з заклiкамi "радзiмы, якая ўсё блудным сыном прабачыць", атака прапагандай пра няўхiльную перамогу камунiзму на ўсiм сьвеце дый грандыёзныя эканамiчныя i тэхнiчныя перамогi на фроньце палепшаньня дабрабыту працоўных - усё гэта быццам у пропасьць канула. Гляньце, таварышы, чалавека няма як на каленi паставiць. Нават пасьля таго, як удалося яго зь нiзкаплатнай работы ў гатэлi пагнаць! Выглядала, што працiўнiк змагаўся наймацней, калi яго на мяжу роспачы папхнеш. Значыцца, разважаў Капшун, - трэба iншымi мэтадамi спрабаваць. Дзякуючы Веры, ён ведаў, што Шпаку памагаў Якiмовiч, каторы вось цяпер недзе яго за горад перамясьцiў. Заданьне, здаецца, больш складанае, чымся раней выглядала.