Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 77

К Акула

Надыходзiў крызiсны час. Грыша прыгадаў, як нейкага паўгоду назад наведаў яго важны чалавек з аттаўскае савецкае амбасады. Была доўгая размова. Справа, у канцы канцоў, зводзiлася да простага наказу зьверху: камiтэт за вяртаньне на радзiму прынагляе вас, каб Антона Шпака адхiлiць ад удзелу ў грамадзкiм i палiтычным жыцьцi беларускiх буржуазных фашыстаўскiх нацыяналiстаў. Яшчэ лепш, каб вярнуць яго на радзiму.

- У кажным разе, - казаў важны чалавек з амбасады, - Мiхайлаў давярае вам такое заданьне. Апраўдаеце такi давер?

Гэтта Капшун аж ёкнуў з захапленьня.

- Так, таварыш, дайце мне час.

- Колькi-ж часу?

- Якi год. Акцыя патрабуе паступовага нацiску. I Мiхайлаў, вядома, павiнен мне памагчы.

- Не беспокойтесь. Беритесь за дело!

Нарэшце, наапошку нешта зрушыла. Чалавек з амбасады зьвязаўся зь iм без пасярэднiцтва Канадыйскай камунiстычнай партыi. Калi гэта ня мела вагi, дык што тады яно значыла? Нехта й недзе яго заўважыў, асаблiва ацанiў ягоную адданасьць прагрэсу працоўнага руху ў адной галiне... Рашылi, вiдаць, што яму можна даверыць такое важнае заданьне. Вядома, гэта паднясе ягоны прэстыж сярод перадавых таварышаў i дасьць багаты дывiдэнд.

Капшун ужо глядзеў наперад, уяўляў той час, калi павысяць яго на партыйнай лесьвiцы. Не за гарамi той дзень. А Шпак? Нiкчэмнiк! Ён лёгка з гэтым фашыстам справiцца. Лёгка? Так здавалася... Выглядала цяпер, што трэба ўжываць больш радыкальныя сродкi. Капшун меў малую фармальную адукацыю, на мудрасьць паляваў самавукам. Ганарыўся сваiм практычным i вынаходлiвым розумам, "практической смекалкой". Адразу пасьля прыезду ў гэтую краiну з быўшай "панскай Польшчы" яшчэ юнаком, навязаў лучнасьць з "краснымi". Неўзабаве падпрогся да iх. Гэтыя ведалi сваю дарогу, вызначалiся дынамiзмам i накiраванасьцю ў той час, калi iншыя палiтычныя партыi тузалiся ў нерашучасьцi i эканамiчнай дрыгве.

Не турбавала Капшуна тое, што й камунiсты мала матар'яльна памагалi беспрацоўным, што вярхушка партыi трацiла найбольш iдэялягiчнае амунiцыi на лаянку капiталiстаў ды менш дбала пра так званага беспрацоўнага, затуканага-загуканага рабацягу i ягоную сям'ю. Гляньце вунь вышэй, аж туды ў мэкку будучага камунiзму, што на ўсiм сьвеце запануе. Адтуль iдзе мудрасьць i сьвятло, адтуль кiруе "рукавадзiцельства". Яно загоiць некалi ўсе раны, вырашыць максымальныя праблемы, нарэшце збудуе сыстэму дабрабыту для ўсiх, раз i назаўсёды зьлiквiдуе эксплёатацыю чалавека чалавекам, як казаў некалi вялiкi Iльiч, цi той, яшчэ мудрэйшы за яго, барадаты... Капшун меў якраз тыя якасьцi, што ў гэны час i ў гэтай краiне былi ў "чырвоных" так патрэбныя: абсалютная партыйная ляяльнасьць, упартасьць i агрэсыўнасьць, адсутнасьць талеранцыi да "буржуазных" iдэяў. Важнейшае яшчэ: Капшун меў добрыя кансьпiрацыйныя здольнасьцi.