Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 75

К Акула

Антон Шпак да такiх скептыкаў не належаў. Ён прайшоўся па беразе ракi, спрактыкаваным вокам асьцярожна й мэтадычна агледзеў зямлю, каменьне, ашанцаваў бег вады, намагаўся вызначыць месцы магчымых схованак фарэлi. Пасьля такога, даволi блiзкага агляду, пiсьменьнiк мяркаваў, што рыбы, якiмi афiшавалiся задаволеныя ўсьмешкамi рыбакi на здымках у сьвятлiцы, запраўды маглi быць тут злоўленыя.

Антон Шпак залiчаў сябе да старых i спрактыкаваных рыбакоў. Яшчэ на бацькаўшчыне, калi быў настаўнiкам, падчас летнiх канiкулаў зьведаў ня толькi Нёман, Вяльлю й Дзьвiну, але ўпадабаў быў i шматлiкiя вазёры, асаблiва Нарач i многiя з цудоўнай Браслаўшчыны. Шпаковымi ўловамi маглi-б ганарыцца шматлiкiя рыбакi. Ён вывучаў рыбную прыроду, пазнаваў найбольш плённыя месцы для вудачкi. Быў у Шпака й галоўны iнтарэс. Як пiсьменьнiк i журналiст, ён няспынна цiкавiўся людзьмi, знаходзiў адзiнкi, што пасьля ўзбагачалi мастацкiя творы.

Лоўля рыбы для Антона Шпака была бальзамам душы, суцэльным адпачынкам. Калi ты намагаешся прынадзiць i злавiць якую прыгожую, што вырасла й дасьпела ў вадзе, цацу, мозг твой - у гэтым ня было сумлеваў, - поўнасьцю адпачываў. Ты акунаўся ў iншы сьвет. Яго трэба было ведаць. Закрыты i ўзвышаны, быццам плянаваны, але й заўсёды нязьведаны, ён запэўнiваў чалавеку поўную духовую раўнавагу. Шматлiкiя рыбакi зьведалi сiлу ягоных гоючых якасьцяў.

Бязьмежнай была Шпакава радасьць калi атрымаў працу ў рэсорце Пайн Рыдж. Разгледзеўся, аж узрушыўся з задаваленьня. Заданьне ягонае - догляд траўнiкаў, кветнiкаў, часамi абслуга бензiннае помпы або помач на кухнi. Апроч харчоў i кватэры абяцалi скромную плату. Пiсьменьнiк гэтым не турбаваўся. За грашмi нiколi ня гнаўся. Праца начамi ў тым гарадзкiм гатэлi адбiрала сiлы й здароўе. Тут ня было гарадзкога шуму, наглага дзяжурнага гадзiньнiка, цяжкое задушлiвае атмасфэры, нiякага сьпеху. Чыстае й здаровае паветра, жыцьцядайнае дыханьне прыроды. А ягоныя абавязкi здавалiся Шпаку дзiцячымi гульнямi. Больш таго, ён мог закiнуць вудачку ранiцай, а iншы раз i пад вечар. Гэткую магчымасьць пiсьменьнiк найбольш цанiў.

Уласьнiкам Пайн Рыдж быў Пол, старшы брат Нiк Лока, чалавек у сярэдзiне саракавых гадоў векам. Спадабаўся яму паважны й разважлiвы Антон Шпак, а жартаўлiвы й шустры ўласьнiк ня мог не спадабацца пiсьменьнiку. Пол часта адлучаўся па бiзнэсавых справах, а ягоная маладая й дынамiчная жонка Нора трымала сваю руку на пульсе Пайн Рыдж. Дзьве асобы працавалi ў кухнi й рэстаране, а малады хлапец Боб загадваў бензiннай помпай i абслугоўваў аўтамабiлi.

Надвор'е спрыяла адпачынку й напоўнiла рэсорт людзьмi. Рэстаран алькаголю не прадаваў, але ўласьнiкi не пярэчылi калi хто прывозiў яго для прыватнага ўжытку ў свой катэдж. Адпачывалi тут людзi нябедныя, што маглi сабе пазволiць на даволi кусьлiвыя цэны. Некаторыя зь iх лавiлi рыбу, iншыя езьдзiлi на кiлямэтраў пяць адлеглае адсюль возера Лада, дзе можна было паезьдзiць лодкамi, лавiць вазёрную рыбу, загараць на пляжы. Былi-ж i такiя, што любiлi адпачываць у цяньку на шэзлонгах, або папахадзiць па пушчы й сачыць птушак цi гуляць у тэнiс.