Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

К Акула

Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якiх агульна гавораць, што "нiчым ня вырозьнiваўся ў натоўпе". Лысаваты, сiвы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блiзка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравiкi. Рудыя вочкi пiльна сачылi дзяўчыну.

- Але-ж i прыгожая вы, мiс Мак.

Нiзкi голас, на твары лёгкая ўсьмешка. I ўва ўсiм гэтым, у голасе i ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым i бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напiхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплiвым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася нiякавата пад пiльным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якiя тайнiцы гнязьдзiлiся пад тэй лысiнай.

- Але ваша прыгажосьць ня ёсьць прычынай нашай сустрэчы. Магу спытацца, як вам спадабаўся наш Радфорд?

- Ведаеце, таварыш Капшун...

- Лепш пакiнем збоку гэтае "таварыш". Жывём у буржуазным грамадзтве i асьцярожнасьць нас абавязвае. Проста называйце мяне Грыша.

- Цi не занадта фамiлярна? Я мяркую...

- Няважна. Рабiце як кажу, - тонам поўнае фiнальнасьцi сказаў Капшун.

Размаўлялi парасейску. Капшунова мова плыла вольна, без намаганьняў, а ў Веры Мак пракiдвалася ваганьне.

- Окэй, Грыша.

- Вось так лепш. Дык пра што мы гэта?

Капшун прыкурваў табаку ў люльцы даўгой запалкай, iзь нейкiм задаваленьнем, як быццам гэтая дзейнасьць была найважнейшай для яго на сьвеце i таму поўнасьцю паглынала ягоную ўвагу.

- Ага, пра тваю красату, - гаварыў далей, пусьцiўшы клуб пахучага табачнага дыму. - Не магу ня выказаць надзеi, што гэта твая прыгажосьць, калi ўжыць буржуазны тэрмiн, ня будзе замiнаць у тваёй рабоце, а наадварот...

- Якой гэта рабоце? - перапынiла яго Вера Мак.

- Пра гэта даведаешся ў адпаведны час. Цяпер-жа я толькi хацеў з табой пазнаёмiцца, мiс Мак. Казалi мне, што там у Балтаве ты займалася карыснай для нашага дзела работай.

- Старалася, як умела.

- За тую адданасьць цябе належна ацанiлi, нават паездкай у Савецкi Саюз узнагародзiлi. Прашу мяне зразумець, мiс Мак: я ня пустазвон i не трапло. Аддаю належнае тым, што на гэта зарабiлi. А цяпер прашу сказаць: цi маеш сваякоў у Канадзе?

- Не, ня маю. Ад часу, як замардавалi бацьку...

- Ведаю, ведаю. Вялiкае няшчасьце, - перарваў дзяўчыну Грыша. - Але ведаеш нашу рускую прыказку: дзе дровы сякуць, там трэскi лятуць. Спадарыня Мак, ты павiнна быць гордая за свайго бацьку. Ён назаўсёды станецца гэроем у анналах змаганьня рабочых-рэвалюцыянераў за лепшую будучыню.

Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.

- Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усiх нас, наш цесны кружок, лiчыць сваякамi. На выпадак патрэбы, клiч каго з нас. Цi ты ведаеш беларускую мову, мiс Мак?

Дзяўчына задумалася.

- Можа тое, што ад маткi й бацькi. А ў нас у клубе вучылi расейскую.

- Я маю на ўвазе вось што: цi маеш даволi асноваў i дастатковы запас словаў, каб вясьцi iнтэлiгэнтную гутарку пабеларуску?