Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

К Акула

Глум слова Божага i слугаў Ягоных. Лiквiдацыя сьвятыняў Божых, разгульле бязглуздага атэiзму, народжанага марксiстоўскiмi нiкчэмнiкамi. Час грандыёзнай i ўсёабдымнай хлусьнi. Лiквiдацыя справядлiвасьцi й мiласэрнасьцi.

Час авоськаў i вечнай галечы падбiтых i запрыгоненых народаў, час неабмежаванай улады й роскашы пануючай камунiстычнай партакратыi.

Наплявацельныя адносiны да ўсяго сьвятога й традыцыйнага. Вынiшчэньне паняволеных народаў.

Час, калi падтрымлiваны мiлiтарнай магутнасьцю рак марксiзму-сацыялiзму-камунiзму, разьядае-руйнуе апошнiя цьвярдынi хрысьцiянства i дэмакратычных вольнясьцяў.

Гвалт i зьдзекi там, дзе мае жыць мiласэрнасьць i любоў.

Час такi, пропадам прападзi!

Пацеюць гномы хлусьлiвай iдэi, - "Эдысоны сьвятла новага сьвету", апантанцы "касмiчнага маштабу рэвалюцыi".

I няма нi супакою, нi перадышкi.

Зьверху, быццам насланьнё: забавязаць, загадаць, запраектаваць, заплянаваць, падапхнуць, дагнаць i перагнаць, выканаць i перавыканаць, стануць на вахце здабычаў вялiкай кастрычнiцкай!

I гэтта-ж - абрыдлы i настырлiвы акампанямэнт: "Эх, да и ухнем!"

Прыкусiўшы языкi, закасаўшы рукавы, ужо цяпер, раньнiм летам пачынаюць плянаваць-барабанiць пра сьвяткаваньне саракавых угодкаў "вялiкага кастрычнiка".

Не павязло-ж у гэтай краiне, цьфу на яе! Насамперш здраднiк Кузэнка ў Аттаве раскрыў i выдаў ворагам найбольшае гняздо выдатных савецкiх патрыётаў (шпiёнаў). Пасьля-ж нашумела й доўгi час назаляла вушы, калi барабанiла ў радыё i газэтах сваiм кусьлiвым прасьледаваньнем усiх прагрэсыўных сiлаў "каралеўская камiсiя" ды iншыя спарахнелыя буржуазныя ворганы. Павывалакалi наверх усякае затхлае фашыстоўскае гнiльлё ды рознае антыпрагрэсыўнае барахло.

Каб-жа адно гэта. Вунь там, удома, абгалiўшы ды зганьбiўшы наймудрэйшага ды найбуйнейшага карыфэя навукаў i бацьку ўсiх народаў, узабраўся на самы шчыт палiтычны нейкi бравурна-барабанны Мiкiта. Помсьлiвы памаўза вылез iз кукурузы. Яна, кукуруза, згодна шматгамоннага Мiкiты, прывядзе сацыялiзм i ўсю дружную сямейку народаў сацыялiстычнае садружнасьцi да запаветнае брамы камунiзму. Няхай жыве кукуруза!

Мiкiтава вынаходлiвасьць ня спынiлася, як вядома, на кукурузе, але хутка перакiнулася й на сусьветную арэну. Колькi-ж гэта рогату i ўцехi даў людзям новы маскоўскi гарлапан, калi ў Ню-Ёку на форуме Аб'еднаных Нацыяў чаравiкам па стале прарочыў сьмерць капiталiзму й перамогу савецкаму кукурузнаму ладу! Дзiва няма, што па цэлым "неабдымным саюзе" голасна буянiў пра Мiкiту сьпявак Высоцкi на словы Аляксандра Гiдонi:

Потом Никитушка росточком был с аршин.

Он много всяких разных дел насовершил.

При ём пахали целину,

При ём пихали на луну,

При ём достигли мы сияющих вершин.

Но в октябре яво маненечко - таво:

Тады узнали мы всю правду пра яво.

Что он Насера наградил,

Что он с три хера накрутил,

Что это в заднице свербило у яво.

Сьверб загнязьдзiўся ня толькi ў Мiкiты, але i ў шматлiкiх галовах розных камунiстычных пазадкаў у Канадзе. Гэтта кукурузай i чаравiкам па стале нiчога не асягнеш. I няма калi зьдзiўляцца, рот разяўляць, што ўчарашнiя хаўрусьнiкi ў вайне нейкiм чынам ператасавалiся ў ворагаў. Сьверб недаверу да свайго заўсёды магутнага й непамыльнага цэнтру наклюнуўся. Некаторыя сумленныя дзiвакi быццам на прыманку капiталiстычнае прапаганды пайшлi. Як тут непамыльную i яшчэ генэральную партыйную лiнiю ўтрымаць? Нагода: сьвяткаваньнем угодкаў "вялiкага кастрычнiка" выкаваць новую дысцыплiну, умацаваць салiдарнасьць камунiстычнага руху ўва ўсiм сьвеце.