Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

К Акула

На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкi.

- Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.

Коля ўзяў ейную валiзку. Рэшту багажу пакiнула на станцыi i мае яго забраць пасьля. Яны спусьцiлiся па сходах i пайшлi да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным лiпеньскiм небам вулiца чмыхала й гула вялiзнай хваляй аўтамабiляў у "раш аўр" - сьпешную гадзiну. Гэтак тут назвалi час, калi мiльёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу цi з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкi ветру тузалi маладое лiсьцё кляновых прысадаў, замяталi парэпаны цэмант вулiцы i забаўлялiся рознакаляровымi сукенкамi жанчынаў.

- Як далёка да Нiны Ляскiн?

- Якiх мiнут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.

3

Некалi, падаючы заяву для атрыманьня вiзы на падарожжа ў Савецкi Саюз у групе "рабочых канадыйскiх дэлегатаў", ад Веры Мак запатрабавалi, каб далучыла кароткую аўтабiяграфiю. Пасьля цэлае гадзiны, Вера напiсала наступнае:

Iмя й прозьвiшча: Вера Мак.

Дата й месца нараджэньня: 27 сакавiка, 1930 г., Балтава, Антарыё.

Сацыяльнае паходжаньне i ўзгадаваньне: Бацькi - Беларусы, рабочыя. Бацька, што працаваў у капальнi мэталаў, прыехаў з маткай у Канаду пару гадоў перад маiм нараджэньнем з Заходняй Беларусi. Як мне было сем гадоў, бацьку майго Мiкалая палiцыя канадыйская забiла падчас дэманстрацыi беспрацоўных i галодных. Мацi мая Юльляна, што была сьветкай таго забойства, мела ўдар сэрца. Яна памерла год пазьней. Як маладая сiрата, ад васьмi гадоў узросту я гадавалася ў розных сем'ях.

Адукацыя: Сярэдняя.

Прафэсiя: Працавала сакратаркай у Рын Тын i Дэлта мiнэральных кампманiях.

Грамадзкая дзейнасьць: На працягу даўгога часу належала й цяпер належу да рабочага клюбу Максiма Горкага ў Балтаве. Брала ўдзел у адукацыйнай, спартовай i грамадзкай працы. Апякавалася дзяцьмi.

Калi-б Веры давялося пiсаць абшырней пра сваё дзяцiнства, матар'ялу хапiла-бы. Ды як-жа можна адлюстраваць тую бездань, у якой апынулася "ў галодных трыццатых" сiрата пад апекай чужых? I што магло замянiць матчыну любоў i апеку? Бесьперапынная галеча пакiнула сьлед, а спадчына бацькоў дала пякучую горыч. Вага мiнулага спарадзiла недавер i падазронасьць да "пануючай клясы", а побач з гэтым - спачуваньне тым, што ў галечы, iмкненьне памагчы iм. Глум, якi цярпела з боку некаторых апякуноў, спрычынiўся да пэўнае iзаляцыi. Мусiла, як магла, адмежавацца ад таго, хто рабiў ёй якую крыўду. Назiральная кемлiвасьць i выпрабаваньнi ў доўгiх гадох мiж чужых нарадзiлi асьцярожнасьць, прадуманыя адносiны да людзей, спагаду да цярпеўшых i крыўджаных.

У гэныя часы галеча эканамiчнае дэпрэсii мiж новых iмiгрантаў, што прыехалi з акупаванай Польшчай Заходняй Беларусi, дапаўнялася крывадушнай, у Маскве майстраванай клясава-ненавiснай ядавiтай бальшавiцкай прапагандай. I мясцовымi гнёздамi, цi рупарамi такога забойчага яду i хвальшывай iнфармацыi "з краiны рабочых i сялянаў" зьявiлiся мясцовыя так званыя рабочыя клюбы. У гэтым сэньсе клюб Максiма Горкага ў Балтаве мог служыць копiяй iншых, раськiнутых па аграмаднай краiне. Ужо куды пазьней, калi некаторыя, раней адурманеныя "новыя Канадыйцы", пачалi разумець, што "чырвоныя прарокi" пашыралi хвальшывыя пропаведзi крывадушнага тырана з камунiстычнага цэнтру, шматлiкiя ачмурэлыя марксiстоўскiмi догмамi "прагрэсiсты" ўпарта гарлапанiлi на барыкадах сваiх "клясавых пазыцыяў". А для малапiсьменных, што "ня лезьлi ў палiтыку", усе вялiкiя й малыя палiтыканы, свае i чужыя, тварылi не абы якую зьбянтэжанасьць.