Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 23

К Акула

У лiку дагэтулiшнiх здабыткаў Шпак меў напiсаныя й выданыя добрыя працы. Вядома, той найважнейшы й найбольш дасканалы твор заўсёды яшчэ плянуецца, ён-жа ў будучынi. Шпакавы матар'ялы акупант цэнзураваў перад вайною. Некаторым дарогу ў кнiжны цi газэтны сьвет загараджвалi. I ўсё-ж, хоць i бiла яго бязьлiтасна варожая цэнзура, творчы працэс на роднай зямлi быў куды лягчэйшым. Чалавек - быццам птушка ў сваiм гнязьдзе. Дыхалася разам з народам. Дзялiлiся разам беды й лiхалецьцi. Быццам грудное дзiця пры матцы, цягнуў маральнае падмацаваньне з духовае, няхай i затуканае культуры запрыгоненага сялянскага народу. У гэным усенародным цярпеньнi была ягоная магутная апора, там гартаваўся дух, рос зарад практыкi, што некалi вунь як спатрэбiцца на ўхабiстым шляху будучынi. Колькi акупант не намагаўся, а народных волатаў, людзей вялiкага розуму, прадбачаньня, патрыятызму й фiзычнага гарту, ня мог на каленi паставiць. Гэтакiя былi. Шпак верыў, што яны й цяпер ёсьць. Працуюць i змагаюцца. I некалi перамогуць. Накш быць ня можа! - Шпак непахiсна ў тое верыў. Ягонае крэдо, сьвятое сьвятых: перамога прыйдзе! Маскоўская "iмпэрыя зла" - гаргара няволi, якую стварылi нiкчэмнiкi й паразiты, развалiцца так, як да гэтага часу на працягу тысячагодзьдзяў развальвалiся ўсе iншыя, магутныя iмпэрыi.

У Радфордзе пасялiлася ўжо немалая, як тут называлi, калёнiя Шпаковых суродзiчаў. Яны пасьля вайны прыехалi. Птушкi з ворагам "раськiданых гнёздаў". Адны зь iх - "дыпiсы" (паводле клясыфiкацыi заходнiх хаўрусьнiкаў - "перамешчаныя асобы"), значыцца тыя, каторых Немцы ў часе вайны змабiлiзавалi й вывезьлi ў фашыстоўскую Гiтлераву Нямеччыну на розныя нявольнiцкiя працы. Менш было такiх, каторыя пры адступленьнi Немцаў пайшлi на захад, каб выкарыстаць нагоду й уратавацца ад абодвух тыранаў, якiх добра вызначыла мудрая сялянская характарыстыка: "абое рабое", або "два роўныя гады, iх на адным суку трэба павесiць". Гэтыя апошнiя плянавалi на вялiкую адлегласьць: трапiць у вольны сьвет. На ўсiх такiх дыпiсаў палявалi пасьля вайны па цэлай прасторы Заходняй Эўропы бальшавiцкiя рэпатрыяцыйныя камiсii пад кiраўнiцтвам спэцаў, што ўжо вымардавалi мiльёны нявiнных у Гулагу. Гэтым бальшавiцкiм спэцам памагалi Брытанцы i Амэрыканцы, апошнiя, вiдаць, натхнёныя прэзыдэнтам Рузвэлтам, што ўжо добра занемагаў i сваiм зьдзiцянелым розумам упадабаў быў "дзядзю" Джова Сталiна ды памог яму палову Эўропы аддаць.

Iншая група - быўшыя вайскоўцы з польскiх адзьдзелаў Брытанскае армii, каторыя прайшлi Гулаг, або абхiтрылi "абое рабое" ды яшчэ ў мундзiрах хаўрусьнiцкае армii памагалi дабiваць гiтлераўскую Нямеччыну. Шматлiкiя зь iх прыехалi сюды ўжо ў 1946-м годзе, атрымалi ад канадыйскага ўраду двухгадовага тэрмiну кантракты працы на фэрмах. Яны пачалi свае першыя крокi ў вольным сьвеце ад гнаявых вiлаў з заплатай 45 даляраў на месяц, харчамi й памешканьнем. Уявеце сабе, прыкладна, як мог быўшы танкiст рэагаваць на такое пытаньне канадыйскага фармэра: "А ты коньмi кiраваць умееш?"