Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 22

К Акула

9

Антон Шпак тупаў па сваiм малым пакоi, як учадзелы. Вярнуўшыся з начной працы, дрэнна спаў. Цяпер нiяк ня мог сканцэнтравацца на тым прадмеце, якi намагаўся апрацаваць. Абрыўкi думак кружылiся ў галаве цi ў паднябесьсi, цi на сёмай плянэце. Часам падказвалi яны зусiм здаровы сэнс, але калi Шпак намагаўся зарганiзаваць iх у лягiчную пасьлядоўнасьць, разьбягалiся, прападалi. А пiсьменьнiк ведаў, што тут не падапрэшся абы якiмi эрзацамi. Патрэбнае нешта салiднае, арыгiнальнае. Калi трымацца праекту-пляну, адлюстраваць няпростую загадку ў яе суцэльнай абыйме, дык трэба трымаць зыркае вока на дробязах, захоўваючы сваю творчую манеру паказу галоўных гэрояў сюжэту. Як на тое лiха, Шпак ад нейкага часу апынуўся на душэўным спадзе.

Ён падыйшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжала шмат паперы й новая пераносная машынапiска Смiт Карона зь беларускiм шрыфтам, выцягнуў цыгарэту з пачкi фiрмы Ротман, узяў брытву з полкi, разрэзаў цыгарэту на два кавалкi, улажыў адзiн у муштук, пстрыкнуў запальнiчкай, зацягнуўся дымам i зноў пачаў тупаць па пакоi.

Сярэдняга росту, худы, павольны ў руху, выглядам твару Шпак выклiкаў да сябе спачуваньне. Мiзэрны, змучаны. Жартаўнiк, пабачыўшы яго, мог-бы ўсклiкнуць: а братка ты мой, калi-ж гэта цябе з бальшавiцкага канцлягеру сьмерцi на волю пусьцiлi, чаму-ж цябе не накармiлi? Твар з упалымi шчокамi, маршчыны на лбе, рассыпаныя рэдкiя сiвыя валосы, нейкiя хваравiтыя аганькi ў ясна-блакiтных вачох пад буйнымi бровамi. Вочы цяпер жыва бегалi, рукi сьцiскалiся ў кулакi ў кiшэнях шэрага пiнжака. Хваляваньне. Шпак часта спыняў сваё тупаньне па пакоi, углядаўся ў нейкi адзiн пункт, быццам-бы вось на гэтай нейкай кропцы ён павiнен спынiць хаос тых думак, спарадкаваць iх, здысцыплiнаваць, каб пасьля адпаведнымi радкамi пры помачы машынапiскi Смiт Карона загнаць iх у кiрылiцу на паперы.

Пяцьдзесятка ззаду. I тэма, якую апрацоўваў, складала вялiзную частку ягонага жыцьця. З таго матар'ялу, якi Шпак меў у запасе, нехта напiсаў-бы цiкавую прыгоднiцкую аповесьць. Дарога вяла з Захадняй Беларусi, спад аднае акупацыi ў другую, праз пакуты, голад i холад у Сiбiры, дзе страцiў жонку й маладога сына, пасьля - Iран, Iрак, Палестына, Афрыка, Iталiя - служба на франтох вайны ў чужой армii. Шлях няведама куды, змаганьне не за свой народ... Далей... дзе кропку паставiць? I што дала-б бацькаўшчыне й раськiданым цяпер па цэлым вольным сьвеце суродзiчам цiкавая прыгоднiцкая аповесьць? Больш таго: цi зачарпнулi-б з такой лiтаратуры нейкае натхненьне да змаганьня з ворагам, з Маскоўшчынай тыя, што цяпер яшчэ паняволеныя, што змагаюцца так цi накш з чужым сьмерцяносным калянiяльным рэжымам?

Шпак ведаў, якi цэнны й вялiкi твор можна змайстраваць на ягоным цiкавым матар'яле. Так. Ня толькi можна... Ён павiнен напружыць усе свае сiлы, каб узабрацца на тыя вышынi творчай дасканаласьцi, якiх яшчэ ня зьведаў... Мова йдзе пра iншы твор, чымся Аляхновiчаў "У кiпцюрох ГПУ", што некалi сэнсацыйна Эўропай ускалыхнуў.