Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 21

К Акула

- Я-ж, як вам ведама, дагэтуль сэйлс клеркам (прадаўшчыцай) не працавала нiколi, - сказала Вера.

- Табе тут падабаецца? - спытаўся ў яе Алесь.

- Вялiкая зьмена ў параўнаньнi з тым месцам, дзе я была.

- Раю табе трымацца напагатове. Наш Трыфты Тонi, гэта значыць Давiд Зэлман мае зыркае вока. Ён сам надзвычайна энэргiчны чалавек i любiць жвавых, бадзёрых людзей.

Дзяўчына слухала надта ўважна. Алесю чамусьцi не хапала ахвоты гаварыць зь ёю пра бiзнэс. Ён ужо ўяўляў яе ў сваiх абдымках, заслуханую ў розную салодкую трасянку, што выклiкае на гэтым прывабным аблiччы гарэзьлiвую ўсьмешку. Алесь добра яшчэ не пазнаў яе, але ўжо падазраваў, што суадносiны мiж iмi некалi пяройдуць афiцыйную бiзнэсавую штодзённую мяжу.

- Я папрашу Мэры, наглядчыцу на тваiм паверсе, каб вытлумачыла табе ўсю рэшту. Цяпер скажы мне, калi ласка, мiс Мак, дзе такiя прыгожыя дзяўчаты, як ты, гадуюцца, гэта значыць адкуль ты ўзялася?

Дзяўчо пачырванела i першы раз у ейных вялiкiх круглых прамянiстых вачох Алесь заўважыў быццам iскру перасьцярогi: уважай, воўк на гарызоньце!

- Я паходжу з гораду капальняў на поўначы... Чулi вы калi пра Балтаву?

- Здаецца, што не. Але будзем знаёмымi, - усьмiхнуўся Алесь. - Хтосьцi мне сказаў, што твае бацькi ёсьць цi былi маймi суродзiчамi.

- Я пра гэта памятаю. Мае бацькi зь Беларусi, але я мала ведаю пра iхную краiну.

Алесю ў гэны час мiльганула ў галаве думка, каб тут-жа пераключыцца на беларускую мову. Вырашыў гэта зрабiць пры iншай нагодзе.

- Гэта надзвычайна цiкава, - гаварыў ён. - Можна сказаць, што мы радня, бо паходзiм з аднаго карэньня. Што-ж такога ты ведаеш пра Беларусь?

- Я сёе-тое чытала пра яе, бачыла савецкiя фiльмы й люблю надта сяброўскiх i мiлых людзей, каторыя адтуль.

- Уключна са мной, спадзяюся?

- Пачынаючы ад учарашняга.

- Ага, ну так...

- Дарэчы, цi знайшлi вы адпаведны лiфчык для вашай раднi?

- Яшчэ шукаю. Магу спадзявацца на вашу помач?

- Я да вашых паслуг.

- Дзе тваё пальто? Iдзi вазьмi.

- А навошта?

- Запрашаю цябе голад замарыць.

- Добра.

- Любiш сiняе? - спытаўся Алесь у Веры, калi яна вярнулася зь сiнiм пальтом.

- Так, люблю. Куды iдзём?

- Перш iдзём да майго аўта. Пасьля едзем.

- Дык навошта ехаць, калi вось тут пераз вулiцу ёсьць рэстараны. I танна...

- Нонсэнс, заедзем некуды ў лепшае.

Узяў яе за руку i ўжо ўнiзу адчынiў ёй дзьверы, пасадзiў у Олдсмабiл, дарагое аўта, якое летась атрымаў як падарак за пiльную працу ад Трыфты Тонi.

- Не супрацiўляйся, будзь добрай дзяўчынай, а я буду добрым хлопцам. Згода?

- Згода, чаму-ж не.

Дзяўчына ўсьмiхнулася. Алесь уважна пазiраў на яе. Што за загадка? Прыгожая. Яна ў любой грамадзе дзяўчат трапiць кажнаму на вока. Магчыма, магла мець ужо тузiн бойфрэндаў. Пра гэта трэба будзе разьведаць. Паволi, асьцярожна, - мяркаваў Алесь, улiваючыся сваiм лёгка пырхаючым Олдсмабiлем у шырокi вулiчны паток машынаў. Захмаранае неба на захадзе перасякалi залатыя разгалiнаваныя маланкi.

У адносiнах да дзяўчат Алесь меў, можна сказаць, набiтую руку. Хутка распазнаваў тых, што палявалi на лёгкае жыцьцё, намагаўся трымацца воддаль ад iх. Але вось гэтта побач яго зусiм нейкi асаблiвы, можна сказаць, экспанат. Прыгажосьць, сьцiпласьць. У вачох проблiск спрыту й розуму. Пачыналася - Алесь адчуваў гэта - падарожжа па нейкай замiнаванай тэрыторыi.