Читать «За волю (на белорусском языке)» онлайн - страница 24

К Акула

Гэтыя новыя Шпакавы суродзiчы пачулi, што ў Канадзе ёсьць нейкая колькасьць старой беларускай эмiграцыi. Пачалi шукаць тых "калюмбасаў". I якое-ж вялiзнае было iхнае рашчараваньне, калi ў розных "рабочых клубах Горкага" цi iншых мясцох сустракалi iх i фашысьцiлi iм бальшавiцкiя гарлапаны. Так. Жаўнераў з армii, якая змагалася з гiтлераўскiмi фашыстамi, гэта той самай калiшняй Сталiнавай блiзкай i важнай "саюзьнiцай Вялiкай Германiяй", гэтыя адурманеныя суродзiчы называлi фашыстамi! За кароткi час Шпакавы суродзiчы спанатрылi, што нiякага нацыянальнага жыцьця раней прыехаўшыя сюды "землякi з Гарадзеншчыны, Вiленшчыны цi Вiцебшчыны або Берасьцейшчыны" тут ня мелi й не стварылi. Ладная колькасьць, - каталiкiсталiся "палякамi". А ў цямноце й нацыянальнай нясьведамасьцi бальшынi з агулу даўно загнязьдзiўся рак чырвона-маскоўскае пошасьцi. Дзецi iхныя ў бальшынi ня ведалi мовы сваiх бацькоў. Канфузу нацыянальнасьцi i духовай ляяльнасьцi гэтых "калюмбусаў" ды iхных нашчадкаў спадарожнiчаў яшчэ факт, што вялiзны й непераможны "саюзьнiк" захаднiх дэмакратычных дзяржаваў у вайне - гэтта агульнаведамая i храбрая "Раша"-Расея - падчас вайны здабыла ў вачох iхных аўрэол нейкай звышсiлы й поўнай вышэйшай справядлiвасьцi. Адтуль, ад такога зьбянтэжанага ўяўленьня як руку падаць у рэчышча вялiкага й магутнага славянскага сьвету i прадказанага шматлiкiмi "прарокамi" мiсiянiзму вялiкай "Рашы"-Расеi. Дзякуючы камунiстычным агiтатарам, нацыянальная нясьведамасьць i малапiсьменнасьць нашых суродзiчаў, якiх новапрыбылыя называлi спачатку "калюмбусамi", iшла на помач камунiстычнай партыi Канады i махляром з маскоўскага цэнтру.

Шпакавы суродзiчы, намагаючыся насамперш апанаваць няведамую мову новай краiны, здабыць патрэбныя прафэсii, уладзiцца на працы, павiнны былi ад асноваў будаваць грамадзкiя арганiзацыi, Божыя сьвятынi, фiнансавыя й навуковыя iнстытуцыi - ствараць цэлы камплект патрэбных установаў сваёй нацыянальнай беларускай сям'i ў Канадзе. Беларусь наагул тут была мала знаная. Нават самая назва яе. Ня толькi адурманеныя некалi чужынцамi суродзiчы, але найбольш чужыя, уключна зь дзяржаўнымi й грамадзкiмi ўстановамi Канады, блыталi гэную "Уайт Рашу" цi "Беларашу" з "Рашай". Апроч таго Канадыйцы, што добра ўмелi жлукцiць пiва й сачыць гакэй, зьвязвалi тую чырвоную Рашу з гэнай белай. Вось у такiх абставiнах Беларусы, - гэтыя зь белай Русi нейкiя "дыпiсы", - пачыналi ў новай краiне будаваць свае нацыянальныя ўстановы, прэсу, сьвятынi i ўсё iншае.

Шпак уважна прыглядаўся сваiм суродзiчам. Бальшыня зь iх - сыны беларускiх нiваў з Захадняй Беларусi. Пераважна маладыя, несямейныя. Мала дзяўчат. Людзi, што ўмелi касой i плугам плёны на роднай зямлi множыць. Гэтта некаторыя працавалi на фэрмах, але бальшыня пасялялася ў гарадох, знаходзiла працы на розных прадпрыемствах. Першая мэта iх - купля свайго дому. На жаль, людзi з асьветай складалi сьцiплы працэнт iхнага лiку. Праўда, некаторыя тут ужо беглi ў школы, пасьля здабывалi вышэйшую адукацыю ў розных галiнах. Сумленны, працавiты народ. Ззаду - кашмар вайны, вялiзная жыцьцёвая практыка. У сэрцах - гарачая любоў да забранай чужнiком роднай зямлi, пакутнiкаў у страшэнным прыгоне. Адгэтуль i нахiл да палiтычнай акцыi. Працiўнiкам зьяўляўся адвечны вораг паняволенай бацькаўшчыны, той Купалаў "чужак-дзiкун" i гэныя "раскаваныя рабы", што "бацькаўшчыну рэжуць на кускi". Тыран цяпер прыкрываўся гуманiзмам, вёў кампанiю за мiр на ўсiм сьвеце, хаця вунь кагадзе ў Карэi распалiў быў вялiкую захопнiцкую вайну. Атрымаў належны адпор, цяпер лiжа раны.