Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 19
Иван Прокопьевич Клименков
— Для чаго ўсё гэта? — пачужэлым голасам спытала яна.
Ён дакорліва паглядзеў на яе:
— Фінал, уся справа ў фінале. Без яго нам не бачыць Гран-Пры.
— Але ж у твайго героя ёсць план. Перакажы яго і досыць. Я ўжо казала...
— Прабач, не ў героя, а ў мяне. Мы ж дамовіліся... з гэтага моманту поўнае пераўвасабленне... Яны — гэта мы. Разумееш — мы!
Яна здагадалася пра гэта ўжо даўно. Яшчэ тады, калі ён згадаў пра бар. Напачатку яе гэта толькі насцярожыла, і незразумелая трывога мімаходзь зачапіла сэрца і зараз жа знікла. Ніякага бара “Зацішша” яна не ведала і, само сабою, ніколі не была ў ім з Альбертам. Але адкуль тады травога? I асэнсавала, што гэта звязана з Валерыем. 3 ім яна часта бавіла час у бары, але не ў "Зацішшы”, а ў “Кутку жаданняў”. Няўжо Альберт пра нешта дазнаўся? Адкуль?.. Супадзенне, не болей. Ды і Валерый ніякі не смуглявы брунет, а бландзін. Але калі Альберт пачаў гаварыць пра бэзавае святло, пра ціхую, мілагучную музыку, ёй зрабілася млосна. Не было сумнення — ён ведае ўсё. I яго выдумка наконт сюжэта — дасканала прадуманае езуіцкае катаванне. I здзек. I насміханне. I помста. Што з таго, калі Валерый не Казімір і не чарнявы? Трэба быць апошнім дэбілам, каб дакладна намаляваць партрэт. Увесь спектакль адразу б праваліўся. I што з таго, што яны з Альбертам ніколі пасля жаніцьбы не былі ў бары і што яна наогул не ведае пра ніякае "Зацішша”? Усё той жа спектакль. I трэба аддаць яму па справядлівасці, ён па-майстэрску выконвае сваю ролю. А яна... Якой блазанкай, дурнічкай выглядала ўвесь гэты час... Калі крывілася ад яго сентыментальна ўзнёслых маналогаў пра каханне, калі кпліва пасміхалася з яго літаратурных эксперыментаў... Колькі абразы, здзеку і цынізму вылілася на яе за гэтыя гадзіны!
Ад гневу, абурэння на вочы ёй набеглі слёзы, цела трэслася ў ліхаманкавай нервовай дрыготцы.
Што ж, яна прыме гэтую гульню! Толькі яму будзе мала ў тым радасці Яна адпомсціць яму. Хаця яшчэ не ведае як, але адпомсціць — жорстка, бязлітасна.
Страху больш не было. Калі ён ведае ўсё — тым лепш. Цяпер ужо непазбежна вырашыцца праблема, якая даўно не давала ёй дыхаць: больш не будзе той кашмарнай падвойнасці, не трэба будзе маніць, прыкідвацца.
Яна паглядзела на мужа доўгім насмешлівым позіркам, спакойна прамовіла:
— Я пераўвасобілася. Можам працягваць далей. Спадзяюся, кілер зараз не з'явіцца і не пачне страляць у мяне?
— У цябе — не.
— Тады ў каго? Калі на сцяне вісіць ружжо...
— Яно павінна выстраліць? Само сабою.
— Дык хто ж ахвяра?
Ён задуменна наморшчыў лоб, непрыемная, жорсткая ўсмешка скрывіла яго губы.
— Так, хто ж ахвяра?
I нельга было зразумець, пытае ён у сябе, у яе ці проста насміхаецца.
Раптам страшная здагадка прамільгнулаўяе галаве. Валерый... Няўжо ён хоча забіць Валерыя? Але, на шчасце, яго тут няма, а калі яна апынецца ў горадзе, то адразу ж папярэдзіць яго. I яны знойдуць, як уратавацца. Ды, можа, усё гэта няпраўда? Ну, вядома, няпраўда. Альберт такі разумны і добры. Ён не здольны на такое. I ўсё ж па-ранейшаму спакойным голасам спытала: