Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 18

Иван Прокопьевич Клименков

Альберт усміхнуўся задуменнай усмешкай, пакруціў галавой

— Ну не. Спасылкі на розум, інтэлект тут не праходзяць. Дзе каханне — там няма логікі. Здаецца, пра гэта мы ўжо гаварылі.

— I ўсё ж такі...

— I ўсё ж такі... Альберт штодзень пераконваў сябе, што Рэгіна яму не здраджвае, што яна ахвяра, ахвяра нейкіх шальмаванняў, нейкага псіхічнага ўздзеяння. I трэба моцны стрэс, крытычная сітуацыя, каб прасвятліць яе розум, адкрыць ёй вочы, каб яна ўбачыла, куды яна зайшла.

— А калі акажацца, што Альберт памыляўся, калі каханне яе не самападман, не нейкае ачмурэнне, а самае што ні ёсць сапраўднае, — моцнае і вечнае?

— Для такога выпадку ён нешта падрыхтаваў

— Што менавіта?

— Не спяшайся. Усяму свой час.

— Але я хачу ведаць гэта зараз.

— Не думаў, што ты такая нецярплівая. Але, як мне ні шкада, табе давядзецца патрываць, дачакацца, куды завядзе герояў існы ход падзей.

— Што ж... — Яна пакрыўджана падцяла вусны.

Ён быццам не заўважаў яе крыўды.

— План Альберта быў надзіва просты і геніяльны. Пры яго здзяйсненні расстаўляліся ўсе кропкі над «і». I кожнаму з траіх адмервалася адпаведнай мерай, адмервалася без махлярства, без прадузятасці. Кожны з траіх атрымліваў тое, што яму вызначыў Лёс.

I, набіраючы нумар тэлефона, Альберт падумаў, што сам Лёс і падказаў яму гэты план, каб здзейсніць над імі траімі наканаванае.

— Чым абавязаны?

Голас у трубцы быў уладарна-ўпэўнены і крыху незадаволены.

— Як здароўе, Эдвін?

Нейкі час цягнулася маўчанне, потым ужо непадробна-радасны голас азваўся:

— Альберт? Не магу паверыць...

— Ты не памыліўся.

— Рады чуць цябе. I яшчэ больш буду рады, калі змагу нешта зрабіць...

— Дзеля таго і турбую.

— Я шчаслівы. Што за праблема?

На душы Эдвіна ляжала шмат грахоў, але ў тым, за які яму свяціла вышка, ён быў невінаваты. Шанцаў даказаць сваю невінаватасць у яго не было. Ніхто не сумняваўся, што яму не пазбегнуць смяротнага прысуду, і ніводзін прэстыжны адвакат не браўся за гэту справу. Альберт узяўся і здолеў даказаць яго стопрацэнтнае алібі.

"За мною доўг, — вызвалены пасля суда з-пад аховы, сказаў яму Эдвін. — Калі што спатрэбіцца ад мяне — зраблю ўсё. Усё, што скажаш. Чаго б гэта мне ні каштавала..."

— Трэба сустрэцца, — сказаў у слухаўку Альберт.

— Дзе і калі? — быццам і чакаў гэтага, спытаў Эдвін.

Альберт назваў месца і час, і калі яны сустрэліся, будзённым голасам, гледзячы Эдвіну ў вочы, прамовіў:

— Патрэбны кілер.

У той дзень Альберт прыйшоў з работы раней звычайнага і ў эйфарычным настроі ,узнёслы, нязвыкла гаваркі і сентыментальны. Дарэчы, адсюль і пачынаецца спектакль, пра які я казаў. Усё, што было перад гэтым, пераказ мінулага, прэлюдыя да спектакля. А з той хвіліны, як ён увайшоў, спектакль і пачаўся. Табе застаецца толькі занатаваць, зрабіць храналагічны запіс апошніх дзвюх гадзін. I чым дакладней, тым лепшым будзе твор. А вось з гэтага моманту нам трэба зусім забыць, хто мы, поўнасцю пераўвасобіцца ў сваіх герояў і нават не дапускаць думкі, што тое, аб чым гаварылася, і тое, што адбывалася, было з некім іншым, а не з намі.