Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 21
Иван Прокопьевич Клименков
“Божа, — жахнулася яна, — дык гэта ўсё-такі быў спектакль. А я ўсё прыняла Ён нічога не ведае..."
— У якім сэнсе — забойны? — аблі- заўшы засмяглыя вусны, спытала яна.
— Забойны — у сэнсе эфектны. Хаця не выключана спалучэнне і з іншым паняццем. Але гуляем далей. — I ўжо другім голасам — насмешлівым і злым - спытаў:
— Выходзіць, ты кахаеш абодвух. Толькі па-рознаму.
— Так, але не зусім...
— Але я не хачу ні з кім цябе дзяліць. Аднак і няволіць не буду. Ты павінна застацца з тым, каго больш кахаеш. Гэта будзе справядліва. Ты згаджаешся са мною?
— Згаджаюся...
— Тады рабі выбар.
Яна разгублена пазірала на яго і маўчала.
Ён злавесна ўсміхнуўся, вочы пад шкельцамі акуляраў нядобра загарэліся.
— Я бачу, ты яшчэ не зрабіла выбару. Добра, я дапамагу. Адзін з нас павінен быць забіты. Ён альбо я. Гэта адзінае выйсце.
Нешта вар'яцкае з'явілася ў позірку Альберта. Ён зглынуў сліну раз, другі. Шчокі яго зноў заторгаліся.
I хаця яна разумела, што ён проста выконвае сваю ролю ў гэтым спектаклі, ёй зрабілася страшна. З‘явілася прадчуванне, што наперадзе яе чакае нешта яшчэ.
— Нашто забіваць? — запярэчыла яна.
— А таму што нам з ім дваім цесна на зямлі. Помніш, як у Пячорына з Грушніцкім.
— Ты хочаш наладзіць дуэль?
— Ну не. Гэта зробіць кілер. I ты будзеш выбіраць, каму з нас жыць, каму памерці.
— Я? О не!
— I ўсё-такі давядзецца.
Яна ўжо не магла асэнсаваць, спектакль гэта ці рэальнасць.
— I давядзецца неўзабаве, — ён зірнуў на гадзіннік, — праз чатыры хвіліны.
Яна з палёгкай уздыхнула — усё-такі спектакль. Можа, кілер і ёсць недзе непадалёку, але Валерыя няма.
— Я недаказаў табе пра сустрэчу з Эдвінам, — загаварыў Альберт. — 3 ім была дамова, што кілер застрэліць таго, на каго пакажа жанчына. I, па-мойму, ён чакае нашага выхаду на сцэну. Нам трэба паспяшацца.
Але перш чым ісці, ён адламаў з бліжэйшай бярозы галінку з яркімі жоўтымі лістамі, падаў яе Рэгіне.
— Яна табе спатрэбіцца, — сказаў ён, убачыўшы здзіўленне на яе твары. — Хадзем.
— Куды?
— Помніш альтанку, вось там, на ўзгорку? Мы любілі там сядзець, у свой час. Прыйдзем туды, і праблем з фіналам не будзе.
Яна адчула, як цяжкай злавеснасцю напоўніўся гай, неба быццам пацямнела. Ногі зрабіліся млявымі, і яна мусіла трымацца за руку Альберта.
Яны ўзышлі на ўзгорак, і зрабілася бачнай альтанка, а ў ёй мужчына, які сядзеў на лаве і чытаў газету. Напачатку яна падумала, што гэта кілер, і ледзь не апусцілася на зямлю. Але зараз жа міжвольны ўскрык вырваўся ў яе з грудзей — яна пазнала Валерыя.
— Чаго ён тут? — калоцячыся ў нервовай ліхаманцы, спытала яна Альберта. — Што ты надумаў?
— Як што? Фінал. Цяпер табе патрэбен усяго толькі фінал. А без гэтай асобы ён не атрымаецца.
— Як ён тут апынуўся?
— Яму ад твайго імя перадалі, каб у чатыры гадзіны чакаў цябе ў альтанцы. Як я ўжо ведаю, вы з ім не раз бывалі тут. Мы зараз падыдзем, ты сядзеш побач з ім, а я — каля цябе. Неўзабаве перад намі з'явіцца кілер, і ты пакажаш, у каго яму страляць. Для гэтага пакладзеш некаму з нас на калені галінку. Гэта знак.
— Я гэтага не зраблю, не зраблю, не...