Читать «Дэтэктыўны сюжэт» онлайн - страница 17
Иван Прокопьевич Клименков
3-пад ног у іх раптам вылецела, шумна трапечучы крыламі, вялікая шэрая птушка, але Рэгіна нават не здрыганулася. Твар яе быў спахмурнелы і засяроджаны.
— Ну як, больш-менш? — спытаў Альберт, пільна ўзіраючыся ў жончын твар. — Толькі прашу, без суцяшальнай маны.
Яна кіўнула:
— Больш-менш. Працягвай.
— Табе сапраўды цікава?
— Сапраўды
— Я рады. Вось толькі хацеў бы ведаць, што ўсё ж такі на самай справе прымушала яе быць і палюбоўніцай, і жонкай? Як растлумачыць тое, што яна так апантана кідалася ўслед за мужам у бессаромную слодыч любоўных оргій?
— Ты вольны сам даць таму тлумачэнне. Ты аўтар, ты гаспадар.
— Каб жа так. Ты сама выдатна ведаеш, што гаспадаром тут з’яўляецца толькі ісціна. Калі грашыць супраць яе — твора не атрымаецца. А хто ведае псіхалогію жанчыны лепш, чым сама жанчына? Апроч таго — ты празаік, і не абы-які.
— I што з таго? Прычын можа быць безліч, і кожнай можна было б даць псіхалагічнае абгрунтаванне.
— I ўсё ж?
— Ну, хаця б тое, што яна адчувала сябе раздвоенай... любоў да Казіміра і ўсведамленне сваёй віны перад мужам.
Альберт у сумненні пакруціў галавой.
— У гэта цяжка паверыць. Любоў самае эгаістычнае, што ёсць у чалавеку.
— Магчыма. Але розныя бываюць душы.
— А ці нельга растлумачыць гэта самай што ні ёсць эратычнай пажадлівасцю? Жанчыны, якім за трыццаць з нечым, якраз і адметныя гэтымі, калі так можна сказаць, якасцямі.
— Я не думала, што ты такі вульгарны.
— Але ж мне патрэбна ісціна. Чаму яна адразу не сказала мужу ўсё, чаму не папрасіла разводу?
— Зноў-такі, тут знойдзецца безліч прычын. Адна з іх — Казімір не хацеў яе разводу.
— Але ж ён халасты, даволі забяспечаны. I любіць яе.
— Гэтага я не ведала.
— Я проста забыўся пра гэта сказаць.
— Тады тут толькі адзінае тлумачэнне - ён быў перакананы, што не здольны зрабіць яе шчаслівай.
— Што ж ім яшчэ трэба для шчасця?
— Магчыма, ён быў хворы на нейкую невылечную хваробу, ці нешта такое.
— Што ж, можа быць... — Альберт у задуменні ссунуў бровы. — Але давай вернемся да сюжэта.
— Даўно пара. Па праўдзе, я з нецярпеннем чакаю, чым скончыцца гэтая калізія.
— На жаль, я сам гэтага не ведаю. Але спадзяюся, разам мы знойдзем адзіны існы фінал. Значыць, наш няшчасны герой згубіў усякую ахвоту жыць, і думка пра смерць была для яго як прахалода. Але другая — што можа яны толькі і чакаюць яго смерці і будуць радавацца ёй — была нясцерпнай пакутай. Так, яна паплача над ім, паходзіць у жалобе і зноў кінецца ў абдымкі таго, хто разбіў іхняе ціхае, нібыта такое трывалае шчасце.
I разам зтым яшчэ цеплілася надзея, што сувязь Рэгіны з Казімірам трымаецца не на каханні: магчыма, гэта проста яе часовае захапленне, ці можа, ён быў гатовы дапусціць і гэта, у яе памуціўся розум. Патрэбен час, каб яна пераканалася ў гэтым. I ён цярпліва чакаў. Але ішоў час, і нічога не мянялася. I разам з тым, як ні дзіўна, адчуванне, што Рэгіна не кахае смуглявага, не знікала, наадварот, мацнела, перарастала ў перакананасць. Ён нават падвёў пад гэта выснову: палюбоўнік пры дапамозе нейкіх чараў ці напояў прываражыў яе.
— Наіўна, смешна і нелагічна, — перабіла яго яна. — Ён жа разумны чалавек. Пры чым тут чары, ведзьмаванне?