Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 36
Борис Саченко
***
Ва універсітэце быў вечар. Адзначаліся нейкія ўгодкі, таму на вечар прыйшлі П.Глебка, К.Крапіва, шмат было і маладзейшых. Якраз тады была "вайна маладых са старымі". П.Глебка і К.Крапіва чамусь на тым вечары захацелі "лягнуць" маладых. Я не стрымаўся і, калі мне далі слова, сказаў афарызм аднаго чэшскага пісьменніка: "Барацьба маладых са старымі нагадвае барацьбу тых, хто яшчэ не нажыў розуму, з тымі, хто з яго выжыў". Афарызм узлаваў і П.Глебку, і К.Крапіву. Яны ўзялі яшчэ раз слова і "крылі" зноў маладых. I мяне, вядома.
Я чуў ад многіх людзей, што ў П.Глебкі — выдатная бібліятэка. Якраз тады я вельмі дбаў пра сваю бібліятэку і быў нястрымны, калі размова ішла пра кнігі, — хацеў бачьщь, якія кнігі і якіх аўтараў трымаюць людзі ў сваіх хатах. Пасля аднаго Пленума (ён праходзіў у клубе ЦК камсамола), калі апранаўся, я ўбачыў побач П.Глебку. Ён неяк занадта, як здалося мне, вяла апранаў сваё паліто. Я загаварыў з П. Глебкам, сказаў яму:
— Я чуў, што ў Вас выдатная бібліятэка. Ці можна было 6 хоць адным вокам глянуць на яе?
— Калі ласка, калі ласка, — заўсміхаўся Пятро Фёдаравіч. I неяк ажыў увесь, засвяціўся. — Я люблю тых людзей, хто любіць кнігу.
Адкладваць тое, што мне хацелася, я не прывык, таму спытаў у П.Глебкі, калі можна зайсці да яго.
— А хутка. Вось толькі ў Маскву я з'езджу, падлячуся трохі, а то адчуваю сябе ў апошні час няважна. Прыеду, то званіце...
Дзён праз колькі пасля той размовы П.Глебка ў Маскве памёр.
Я аглядаў Глебкаву бібліятэку ужо без яе гаспадара. Паказвала кнігі жонка П.Глебкі, разам са мною быў Я.Сіпакоў. Бібліятэка была неблагая, хоць і не такая ўжо выдатная, як гаварылі ўсе. Я бачыў бібліятэкі і большыя, і лепшыя. Праўда, беларускія кнігі захапілі мяне. Выдатны падбор кніг 20 —30-х гадоў. Многія з аўтографамі. А яшчэ кнігі нашай эміграцыі, выдадзеныя ў Амерыцы, ФРГ... Купала, Багдановіч, Гарун, Калюга, Арсеннева, Сяднёў... Газеты "Бацькаўшчына", "Беларус", часопіс "Конадні" і інш. Жонка сказала, што П.Глебка ўсё гэта прывёз з Амерыкі.
Большн трох гадзін правялі мы з Я.Сіпаковым у бібліятэцы П.Глебкі. I, ідучы праз парк, гаварылі, як любяць беларускае слова тыя, што па волі лёсу апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, як любіў сваё роднае слова ён, П.Глебка. Бібліятэку П.Глебку захавала жонка. У вайну яна заставалася ў Мінску. I быццам за тое, што яна захавала бібліятэку, П.Глебка дараваў ёй усё.
Аркадзь Чарнышэвіч. У тыя гады, калі я пачынаў працаваць у "Полымі", А.Чарнышэвіч жыў у Радашковічах. У Мінск ён прыязджаў рэдка. I хоць творы яго мы друкавалі, але бачыцца і гаварыць амаль не даводзілася. Свае творы ён пісаў на разлінованых аркушах паперы звычайным пяром, фіялетавым чарнілам. Прывозіў папку нашай машыністцы, тая перадрукоўвала, мы бралі ў яе і вычытвалі. Што лічылі патрэбным — правілі, скарачалі.