Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 38
Борис Саченко
— Толькі напомніце мне яшчэ раз. I добра было б, каб далі мне кантычку, што друкавалася ў "Полымі" за 50 год. Ісці ў бібліятэку, гартаць падшыўкі я не здолею.
Сапраўды, М.Лынькоў быў хворы, задыхаўся.
У Мінску я падрыхтаваў кантычку і неяк пад восень пазваніў М.Лынькову. Ён якраз прыехаў на сесію Вярхоўнага Савета. Дамовіліся сустрэцца ў 6 гадзін вечара.
Роўна ў 6 гадзін я пазваніў у кватэру да М.Лынькова. Дзверы адчыніў сам гаспадар. Падаў мне руку, папрасіў заходзіць.
У кватэры яшчэ быў рамонт, мы прайшлі па калідоры ў кабінет. Ля адной сцяны стаяў стэлаж з кнігамі, сярод якіх шмат было беларускіх, у тым ліку і маладзейшых нашых пісьменнікаў — І.Пташнікава, М.Стральцова, В.Быкава, мае.
Селі за круглы стол. М.Лынькоў толькі што вярнуўся з сесіі, жыў тою размоваю, што адбылася ў яго з сакратаром ЦК Аксёнавым.
— Стаю я пры выхадзе з Дома ўрада, — казаў ён, — а да мяне Аксёнаў падыходзіць: "Давайце, Міхась Ціханавіч, я Вас падвязу дадому". Калі селі ў машыну, Аксёнаў спытаўся: ці помню я словы Маякоўскага — "Я волком бы выгрыз бюрократизм..." О, гэтыя словы я добра помню. Мой намеснік у "Полымі" некалі ў трыццатыя гады за іх атрымаў 18 гадоў. I адседзеў...
— ?
— He здзіўляйцеся. У нас ішоў нейкі крытычны артыкул пра Маякоўскага, дзе цытаваліся гэтыя словы. Часопіс быў падпісаны ў свет, яго атрымалі падпісчыкі. Прыходжу неяк я ў рэдакцыю, чую званок. Бяру трубку. "Мне трэба таварыш Лынькоў". — "Я Лынькоў, слухаю". — "Вы, таварыш Лынькоў, чытаеце тое, што падпісваеце ў друк?" — "В обязательном порядке". — "Тады пачытайце, што надрукавалі на такой старонцы". Я адгортваю старонку, чытаю, даходжу да слоў "Я волком бы выгрыз бюро..." і вачам сваім не веру — замест "бюрократизм" набрана — "бюро крайкома".
Я звычайна чытаў усе матэрыялы да здачы ў друк. За карэктуру адказваў мой намеснік — малады добры хлопец з Капыля. Давялося яму ісці ў тую ўстанову, тлумачыць памылку. Выявілася — памылку знарок зрабіў наборшчык, якога бюро крайкома выключыла перад гэтым з партыі. Узялі наборшчыка, узялі і майго намесніка. Сустрэліся мы — пасля рэабілітацыі, я спытаў, ці хоча ён працаваць у літаратуры... "Не, паеду ў свой Капыль". I паехаў.
Паколькі гаворка пачалася пра той час, які цікавіць кожнага, я асмялеў, сказаў:
— Я не раз чуў, быццам перш чым "браць" пісьменніка, яго справу паказвалі генсеку Саюза Фадзееву. I той падпісваў. Ці праўда гэта — Вы ж таксама былі сакратаром Саюза?
— Не, гэта няпраўда. Я быў тады за старшыню ў самы страшны час, але ў мяне ніхто не пытаў — "браць" таго ці іншага ці не "браць". Дакладвалі, праўда, штодзень, каго "ўзялі". Званілі нам у Саюз. А наогул, то быў страшны час. Я прыехаў у Мінск з газеты акруговай, быў як на цяперашні лад галоўным рэдактарам выдавецтва, потым перайшоў на працу ў Саюз. I адразу ж пачалося. Помню, быў у Маскве Пленум па песні. Паехалі на яго Купала, Колас і я. Прыехалі ўранні ў Маскву, уладкаваліся ў гасцініцу. Колас стаміўся, лёг адпачыць. Купала пабег галіцца, а я на Пленум пайшоў. Пленум пачаўся ўжо, але вельмі ж нецікавы. Зрабілі перапынак. Выйшаў я ў фае, Купалу ўбачыў — ён жанчын шампанскім частаваў. Зноў пасяджэнне пачалі. I зноў нецікава. Спынілі, прынялі пастанову. Купала пабег на паштамт — трэба было ў Мінск нешта пільна пазваніць. Вярнуўся ў гасцініцу — кашалёк у яго выкралі. А ў ім — дакументы, грошы. Званю ў Саюз Стаўскаму, машыну прашу, каб да цягніка падвезлі, а заадно кажу і пра тое, што дакументы ў Купалы ўкралі. А той: "3 гэтага і пачынаў бы. Толькі не ўкралі дакументы ў Купалы, а ён іх згубіў п'яны..." "Купала не п'яны, — цвярджу я.