Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 37

Борис Саченко

А.Клышка загарэўся нешта напісаць пра А.Чарнышэвіча. Паехаў да яго ў Радашковічы. Пераначаваў там. Назаўтра расказваў мне, што А.Чарнышэвіч жыве бедна, што ў хаце многа клапоў, і каб уночы хоць трохі паспаць, давялося ім з А Чарнышэвічам спаць на падлозе, кругом сябе наліўшы цэлыя лужыны вады. А.Чарнышэвіч быццам сказаў, што "клапы праз ваду не пройдуць, а пакуль падымуцца да столі і ўпадуць на іх, можна будзе выспацца"

Потым, калі А.Чарнышэвіч прыехаў у Мінск, ён у рэдакцыю "Полымя" пачаў заходзіць часцей. Асабліва ў наш аддзел. Прыйдзе, сядзе на канапку, распытвае, хто я, дзе жыў, што пішу. А пад канец, калі дадому ісці, папросіць некалькі часопісаў старых, што ў шафе ў нас ляжалі. Ён, аказваецца, вельмі любіў кнігі, хацеў чытаць, а дома ў яго хаце кніг не было.

***

Аднойчы ён расказваў, як даводзілася і яму жыць у высылцы.

— Мы, беларусы, калі прыехалі ў Сібір, то ўсё рабілі лепш за мясцовых людзей. I пісьменныя амаль усе былі. I ўявіце сабе: у нас многаму вучыліся мясцовыя, нават гаварыць па-нашаму. А голад там быў страшны. Дзіўна вось што: трупаў далёка ад дарог амаль не знаходзілі. Звычайна трупы ўсе ляжал! ля дарог ці ля сцежак. Доўга думаў я над гэтым — чаму трупы ля дарог ці сцежак ляжаць. I цяпер ведаю: чалавек заўсёды ў цяжкую хвіліну другога чалавека шукае. Каб памог той яму, і паўзе да дарогі, да сцежкі, дзе могуць людзі быць. I сілы яму хапае дапаўзці, бо надзея ёсць. Дапоўзшы, чакае, што яго падбяруць, і памірае. (...)

***

Неяк я стаю на прыпынку тралейбуса. 3 Янкам Брылём. Падыходзіць А.Чарнышэвіч. I да Брыля.

— Курыць маеш?

— Я ж не куру, — кажа Брыль.

— Ты не курыш, не п’еш, можа і бабы ўжо... — сказаў А.Чарнышэвіч.

А вакол нас — людзі!

Ускочыў я ўслед за Брылём у тралейбус, а той і кажа:

— Ведае ж, што я не куру. А знарок так гаворыць, каб зганьбіць...

***

Я.Скрыгану не спадабаўся нейкі зварот у А.Чарнышэвіча. Здаецца, "падкласці свінню". Па-руску гэта, трэба паправіць. Думалі-думалі мы, а прыдумаць нічога не змаглі.

— Можа, "кепства зрабіць"? — падказаў хтосьці.

— Але, гэта лепш! — сказаў Скрыган.

А.Чарнышэвіч зморшчыўся вельмі, але пярэчыць не стаў. Потым М.Клышка выпісаў гэтае "кепства" як прыклад у свой слоўнік. I пад сказам тым падпісана: "А.Чарнышэвіч". (...)

***

Чалавек жа сам А.Чарнышэвіч быў мяккі, нейкі сарамяжлівы, да свае творчасці адносіўся крытычна.

— Эт, што мы! — не раз казаў ён. — Вось Л.Талстой быў у Расіі, ці Дастаеўскі. Вось гэта былі пісьменнікі. А мы — што?

***

У Доме друку, дзе на апошнім паверсе размяшчалася выдавецтва "Беларусь", я на лесвіцы сустрэў А.Чарнышэвіча. Ён стаяў ля пярылаў і цяжка дыхаў. Я павітаўся і, як звычайна, праз прыступку на наступную пабег вышэй. А А.Чарнышэвіч пазайздросціў мне:

— Во як ты бегаеш! А я спускаюся ўніз, і то на кожнай пляцоўцы адпачываю.

***

Дзве з паловай гадзіны у Міхася Лынькова.

Перад 50-годдзем "Полымя" мне было загадана рэдактарам звязацца з М.Лыньковым — заказаць яму артыкул пра пяцідзесяцігадовы шлях часопіса. Чаму менавіта же трэба было заказваць артыкул? Незразумела, як і ўсё, што рабілася пры К.Кірэенку ў "Полымі". Будучы на нарадзе членаў Праўлення на Нарачы, я сказаў пра артыкул М.Лынькову. Ён згадзіўся напісаць нам, што мы просім.