Читать «З запісак рэдактара» онлайн - страница 35
Борис Саченко
Хто можа сказаць, колькі я пражыву? Час ідзе, таму і захацелася патрошку запісваць, што я ведаю пра пісьменнікаў.
Пятро Глебка. П.Глебку я ведаў мала. Неяк не выпадала нам сустракацца. Пісаў і друкаваўся ён рэдка, у "Полымя" амаль не заходзіў. Помню, давалі мы вершы Л.Геніюш. Уступны артыкул да вершаў напісаў П.Глебка. У артыкуле было некалькі слоў пра ідэйныя памылкі паэтэсы. Не хацелася напамінаць чалавеку цяжкога лёсу пра памылкі і, параіўшыся ў рэдакцыі, А.Бачыла выкінуў паўсказа з артыкула П.Глебкі. Калі прыйшла карэктура і яе пачытаў П.Глебка, то паўсказа пра ідэйныя памылкі Л.Геніюш аднавіў. Расчырванеўся нават, узлаваўся на А.Бачылу, калі той пачаў даказваць, што не трэба напамінаць паэтэсе пра "памылкі".
***
У Маскве было абмеркаванне беларускай літаратуры на Савеце. На абмеркаванні тым быў і я. Нехта з дакладчыкаў "дзёўб" зборнік паэзіі П.Глебкі, што выйшаў якраз у Маскве. Вінаваціў перакладчыка, што той "у такога выдатнага паэта выбраў для перакладу дрэнныя вершы, да таго ж і пераклаў не зусім добра!" Зайшоў якраз на пасяджэнне П.Глебка. I прамоўца змоўк. Потым мы давалі вячэру маскоўскім сябрам у рэстаране ЦДЛ. Я сядзеў з П.Глебкам, з другога боку — нейкі маскоўскі паэт. Ён (маскоўскі паэт) увесь вечар вінаваціў Глебку, што той выступіў на Камітэце па Ленінскіх прэміях (П.Глебка быў членам Камітэта) супраць Ісаева. "Мне паэма Ісаева не спадабалася", — цвярдзіў Глебка. А паэт той: "Дык жа дамоўлена было: дадзім прэміі вашаму Танку і Ісаеву. А цяпер... Цяпер масквічы прагаласуюць супраць Танка".
Так яно і сталася потым — прэміі не атрымалі ні Танк, ні Ісаеў.
* * *
3 Масквы, са з'езда пісьменнікаў, мы вярталіся цягніком "Беларусь". М.Стральцоў пацягнуў мяне ў суседні вагон, дзе ехалі ў міжнародных купэ некаторыя нашы старэйшыя. Адно з купэ было адчынена, там пілі каньяк Н.Пашкевіч, А.Макаёнак, П.Глебка. Не ведаю чаму, але і мы раптам аказаліся ў гэтым купэ. Выпілі па некалькі чарак каньяку, разгаварыліся. I раптам А.Макаёнак пытаецца ў П.Глебкі: "Я чуў, што Вы быццам апраўдваеце 37-ы год. Праўда гэта?" П.Глебка, і так чырвоны, пачырванеў яшчэ больш: "А 37-ы год патрэбен быў нам, праз яго трэба было прайсці, каб ачысціцца ад непатрэбных людзей. Вы не ведаеце таго часу, той барацьбы, скрытай і адкрытай, людзей тых... Сапраўды сярод іх былі ворагі..." А.Макаёнак быў п’яны. Мы не згледзелі, як ён схапіў П.Глебку за шыю і пачаў душыць, ледзь адабралі мы са Стральцовым Глебку, 6о Макаёнак, на дзіва, здаровы і апантаны. Вырваўшы Глебку з рук Макаёнка, мы выйшлі на калідор. Нейкі час стаялі там, гаварылі. Але размова не клеілася, і мы разышліся па сваіх купэ.
Ішоў з'езд пісьменнікаў Беларусі. "Валілі" Броўку. Усе пісьменнікі былі разгарачаныя — хто падтрымліваў Броўку і хто быў "супраць". На заключным пасяджэнні старшынстваваў П.Глебка. Многія помняць тое пасяджэнне. Моладзь хацела ўставіць некалькі чалавек у Праўленне з тым, каб была магчымасць выкінуць сяго-таго. Але Глебка-дыпламат не даваў. "Гэтага можна ўставіць, а каго, скажыце, выкінуць са спіску"? Словам, уставіць новага нікога П.Глебка не даў. Затое калі падлічылі галасы, то сама больш "супраць" атрымалі: А.Кучар, П.Броўка і П.Глебка.